"Дружба" строгага рэжыму

Фестываль "Дружба", зладжаны буйным івент-агенцтвам “JetSounds”, прыходзіць на цнатлівую зямлю хутара Шаблі, дзе звычайна ладзяцца тэматычныя і ледзь не сямейныя фестывалі з музыкай у стылі джаз, этна ці рок-н-рол.

Камерцыйная схема арганізацыі вымалёўвае новы для Шаблёў музычны фармат: крыху рокавы, крыху папсовы, але з акцэнтам усё ж на поп і рэтра-рускіх выканаўцаў, кшталту "Ногу Свело", "Муракамі" ці Дэльфіна.

Такія метамарфозы не бянтэжаць артыстаў былых шаблёўскіх фэстаў. Наадварот, некаторыя радуюцца, што дзякуючы "Дружбе" атрымліваюць небывалы раней піяр:

"Ёсць спадзяванне, што фестываль "Дружба" выйдзе на новую публіку, — кажа Андрусь Такінданг з гурта Harotnica. — І што незаангажаваныя ў музыцы людзі звернуць увагу на цікавыя беларускія гурты, на гэта маляўнічае месца і будуць часцей сюды ездзіць. А не толькі наведваць канцэрты ў горадзе ці хакей".

Тым не менш, "незаангажаваныя ў музыцы людзі" пераважна слухаюць хэдлайнераў. У першы дзень фэсту найбольшая актыўнасць назіраецца пад "Без Білета" і "Ногу Свело", якія правакуюць на танцполе папсовую аэробіку — просяць дзяўчат-фанатак падняць ручкі ўгару, паскакаць, зняць маечку ці яшчэ што.

У другі дзень больш за ўсё людзей ля сцэны збіраюць Бабкін і Дэльфін. Праўда, апошні настолькі грузіць рускай дэпрэсіяй, што псуе настрой ад усіх вясёлых папярэдніх беларускіх гуртоў як то "НаГуаль" ці The Toobes.

"Тут крыху не мая музыка, але чамусьці цудоўны настрой, які прымушае рухацца, таньчыць і весяліцца, — не наракае на лайн-ап наведвальніца Наталля. — Да таго ж, тут вельмі шмат зон, дзе можна адпачыць, пераключыцца на нейкія іншыя актыўнасці".

І ў той жа час вельмі шмат кантролю. Упершыню на хутары ўсталёўваюць камеры назірання, наймаюць больш за звычайнае міліцыянераў, прывозяць нават спец-станцыю, што нібыта пінгуе мабільныя размовы. Маляўнічы ўзгорак, з якога звычайна назіраюць за галоўнай сцэнай, агароджваюць...

"Калі за мяжой мы на фестывалях граем, то там няма міліцыянераў. Ёсць служба інфармацыі — дзеліцца досведам Такінданг з “Гаротіцы”, — і гэта адразу змяншае напружанне. А ў нас людзі баяцца формы".

А папіць піва, каб зняць напружанне, можна таксама толькі ў спецыяльна адведзенай зоне. За ўзгаданым раней плотам і пад пільнай увагай органаў.

Тым не менш, назва фэсту "Дружба" растоплівае сэрцы. Міліцыя асабліва нікога не чапляе, аматары камерцыйнай музыкі спакойна тусяць з андэграўднымі фрыкамі. Сапраўднае Сяброўства. Адзінае здзіўляе, што выключна паміж Беларуссю, Украінай і Расіяй — у лайн-апе музыкі толькі з гэтых краін.

"Натуральна, мы мусім сябраваць з усімі, але трэба нешта рабіць, каб заманьваць сюды людзей з-за мяжы, — дзеліцца думкамі наведвальнік Аляксей. — Калі б ім, можа, давалі бясплатныя візы, як на чэмпіянат па хакеі, то мы б хутка пасябравалі з усім астатнім светам".

А вось Віталь Артыст мяркуе, што не ў гэтым справа, проста "Калі гэты фэст правядзецца ў 10-ы раз, ён будзе як “Сігет” ці “Гластанбэры”, але трэба ж з чагосьці пачынаць!"

Гады ідуць, фэсты штолета праходзяць, а беларусы ўсё "пачынаюць" і "пачынаюць". І што ж рабіць, каб ужо, нарэшце "працягвалі"? Можа, сапраўды, трэба ўзмоцнена сябраваць? Усім з усімі. А там, глядзіш, і атрымаецца, нарэшце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі