Вы тут

"Дата генератар": 30 сакавіка 1689 года — пакаранне смерцю Казіміра Лышчынскага

.

У другой палове XVII стагоддзя на землях Рэчы Паспалітай панавала так званая контррэфармацыя. Каталіцкія ксяндзы і манахі зацята змагаліся з пратэстантамі і “схізматыкамі” (праваслаўнымі). Адначасова яны душылі ўсе праявы вольнага мыслення, у якіх бачылі самае страшнае злачынства — атэізм. Адной з іх ахвяр быў Казімір Лышчынскі, шляхціч з Берасцейскага павета.

Яго называюць беларускім Джардана Бруна, якога спалілі ў 1600 годзе ва ўзросце 52 гадоў. Наш зямляк меў не менш дзёрзкія думкі, чым італьянскі мысляр. Гэтаксама трагічна склаўся ягоны лёс: у 55 гадоў яму адсеклі галаву.

Пан Казімір (каля 1634 — 1689) нарадзіўся ў маёнтку Лышчыцы пад Берасцем, адсюль прозвішча. Належаў да шляхецкага роду герба Корчак. Скончыў езуіцкі калегіум у Берасці, потым навучаўся ў Кракаве і Калішы.

У 24 гады (у 1658-м) уступіў у ордэн езуітаў, працаваў выкладчыкам, а з 30 гадоў памочнікам рэктара Берасцейскага калегіума. Але ў 1666-м (у 32 гады) выйшаў з ордэна, каб ажаніцца, і вярнуўся ў свой маёнтак. Там займаўся гаспадаркай, удзельнічаў у павятовых сойміках, некалькі разоў быў паслом на соймах. Акрамя таго, у складзе шляхецкага рушэння змагаўся з маскоўцамі, шведамі і туркамі, удзельнічаў у бітвах пад Хоцінам (1673) і Венай (1683). Шляхта абрала яго падсудкам земскага суда.

Было ў яго жыцці і нешта іншае. У кнігах філосафаў антычнасці і мысляроў адраджэння, у тэалагічных і прыродазнаўчых трактатах ён шукаў адказы на вечныя пытанні пра тое, як уладкаваны Сусвет і ў чым сэнс жыцця. 

З 1674 года Лышчынскі пачаў пісаць на лаціне трактат “Аб неіснаванні бога”. Да моманту арышту (1687) паспеў напісаць 15 сшыткаў, агулам 265 старонак. 

Пад суд яго падвёў сусед і былы “сябар” Ян Бжоска, ад якога Лышчынскі патрабаваў вяртання вялікай сумы пазычаных грошай. Той, каб не вяртаць, вырашыў здаць суседа. Ён выкраў усе 15 сшыткаў трактата, а яшчэ кнігу кальвінскага тэолага Альстэда з заўвагамі Лышчынскага. Бжоска напісаў данос, прыклаў да яго сшыткі і кнігу і падаў ліфляндскаму біскупу Паплаўскаму. “Злачынца” арыштавалі, кінулі ў віленскую турму.

Але берасцейская шляхта рашуча выступіла супраць біскупскага суда над шляхцічам, таму справу разглядаў варшаўскі сойм Рэчы Паспалітай у лютым 1689 года. Там перад пасламі сойма з абвінаваўчай прамоваю выступіў стары юрыст Сымон Куровіч, досвед якога складаў 45 гадоў практыкі. Ён абвінаваціў Казіміра ў атэізме:

“На 265 старонках свайго трактата ён насмеліўся паказаць Бога як няіснае стварэнне фантазіі і зрынуў яго з недасяжнай вышыні, прыпісаўшы кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе”.

У якасці доказаў Куровіч цытаваў тэзы самога Лышчынскага:

— прырода не створана богам, а існуе вечна і развіваецца па сваіх натуральных законах, без уздзеяння звышнатуральнай істоты;

— уяўленні людзей пра Бога — вынік іх фантазій, невуцтва і памылак;

— Стары і Новы Запаветы — выдумкі ашуканцаў Майсея і Хрыста;

— не існуе Святой Тройцы (Бога Айца, Бога Сына, Бога Духа);

— няма ніякага замагільнага свету, ніколі не будзе уваскрэсення з мёртвых.

А вось факты з асабістага жыцця Лышчынскага:

— пагарджаючы таемствам хрысціянскага шлюбу, выдаў дачку замуж за сваяка;

— на богаўгодныя справы ахвяраваў не больш за тры фларыны на год;

— у тастаменце загадаў цела сваё пасля смерці спаліць, а попел пахаваць пры дарозе.

Безумоўна, чалавек з такімі думкамі нашмат апярэдзіў свой час, а праз канфлікт з самай магутнай арганізацыяй — Касцёлам, — няхай сабе ў галіне тэалагічных разважанняў, сам сабе падпісаў смяротны прысуд. Выратаваць яго не маглі ніякія вайсковыя заслугі. Вось прысуд:

“Напісаныя Лышчынскім бязбожныя лісты аддаць агню пры выканаўцы правасуддзя ў яго правай руцэ на эшафоце, самога ж абвінавачанага спаліць і ператварыць у попел. Маёмасць канфіскаваць, падзяліўшы напалам паміж даносчыкам і дзяржаўным скарбам. Будынак, у якім асуджаны тварыў ганебныя пісанні, разбурыць як прытулак вар'ята. Зямля яго маёнтка павінна навечна застацца пустэльнай і бясплоднай”. 

Кароль Ян ІІІ Сабескі ў адказ на прашэнне Лышчынскага аб літасці замяніў спаленне на адсячэнне галавы (адсюль іранічная назва аповесці Кастуся Тарасава — “Літасць для атэіста”). 30 сакавіка на плошчы Старога рынку ў Варшаве кат адсёк Лышчынскаму галаву. Цела адвезлі за горад і спалілі.

Што яшчэ? Лышчынскі быў вельмі разумны чалавек. Я цалкам падзяляю думку Кастуся Тарасава, згодна з якой мысляр XVII стагоддзя ўспрымаў турму як сапраўдны сімвал рэчаіснасці. Нам здаецца, што мы праз усё жыццё вандруем у прасторы і часе, але на самай справе заўсёды застаёмся на адным і тым жа месцы.

20 красавіка 1989 года ў вёсцы Малыя Шчытнікі на Берасцейшчыне, побач з будынкам былой уніяцкай царквы, паставілі вялікі камень у памяць пра Лышчынскага з эпітафіяй, якую некалі ён склаў сам сабе:

“О, падарожнік! Не абмінай гэтых камянёў. Ты не спатыкнешся на іх, калі не спатыкнешся на ісціне. Спасцігнеш ісціну ля камянёў, бо нават тыя людзі, якія ведаюць, што гэта праўда, вучаць, што гэта хлусня. Вучэнне мудрацоў — свядомы падман”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.