"Дата генератар": 28 студзеня 1573 – Акт аб роўнасці ўсіх веравызнанняў

"Дата генератар": 28 студзеня 1573 – Акт аб роўнасці ўсіх веравызнанняў

Як вядома, у 1569 годзе ў Любліне была падпісаная дамова аб стварэнні Рэчы Паспалітай — рэспублікі двух шляхецкіх народаў — польскага ды літоўскага. А 7 ліпеня 1572 года памёр кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст Пачалося бескаралеўе.

Таму згодна з умовамі Люблінскай уніі “прымас Кароны” — арцыбіскуп кракаўскі — прызначыў на студзень 1573-га ў Варшаве пачатак працы так званага канвакацыйнага сойма. Галоўнай задачай гэтага сойма з’яўляліся 1) падрыхтоўка да выбараў новага караля на элекцыйным сойме і 2) забеспячэнне бяспекі дзяржавы ў час бескаралеўя.

А каб выключыць магчымасць ужывання “ліберум вета” і зрыву працы канвакацыйнага сойма, ягоныя ўдзельнікі павінны былі стварыць канфедэрацыю, што яны і зрабілі. Пад гэтай назвай меўся на ўвазе часовы палітычны саюз шляхты для дасягнення пэўнай мэты. А калі яе стваралі прадстаўнікі ад усіх ваяводстваў, яна называлася “генеральнай” і выконвала функцыі найвышэйшага органа дзяржаўнай улады. Генеральную канфедэрацыю стварылі прадстаўнікі (паслы) ад Вялікай і Малой Польшчы, ад ВКЛ, ад Валыні і Падляшша, ад зямель Рускай, Прускай, Паморскай, Жамойцкай, Ліфляндскай, ад горада Кіева і ад кароннага горада Варшавы.

Тая канфедэрацыя паставіла за адну са сваіх мэт пераадоленне праблем, што паўсталі ў Рэчы Паспалітай у сувязі з тым, што ў ёй не было агульнай царквы. Гэтак, шмат сенатараў перайшлі ў пратэстантызм, аднак яны не мелі гарантый свайго статусу. Між тым пасля Варфаламееўскай ночы ў Францыі (з 23 на 24 жніўня 1572-га) і спалення каталіцкага сабора ў Кракаве ў тым жа 1572 годзе існавала пагроза новых рэлігійных пагромаў — і каталіцкіх, і пратэстанцкіх, і праваслаўных.

І вось удзельнікі Варшаўскай канфедэрацыі вырашылі абараніць рэлігійныя вольнасці ў Рэчы Паспалітай. 28 студзеня яны прынялі Акт, у якім — апроч усяго іншага — абавязаліся быць узаемна талерантнымі, захоўваць талерантнасць у наступных пакаленнях, быць салідарнымі ў барацьбе за свабоду веры пры любым урадзе, які пераследаваў бы любую канфесію.

Што цікава, каталіцкія біскупы не падпісаліся пад гэтымі артыкуламі Акта. Яны заявілі, быццам Акт (ягоныя артыкулы) “абражае веліч Бога, разбурае асновы польскай дзяржаўнасці, бо абвяшчае свабоду ўсім іншаверцам, магаметанам, іўдзеям, пратэстантам і іншым схізматыкам”.

Хоць пастанова і не прадухіліла ўсіх канфліктаў на аснове рэлігіі, яна зрабіла Рэч Паспалітую больш бяспечным месцам, чым уся астатняя Еўропа, асабліва ў час 30-гадовай вайны (1618–1648). Акт канфедэрацыі заклаў моцны падмурак у справу забеспячэння свабоды веравызнання і вызначыў асновы рэлігійнай памяркоўнасці шляхты і ўсіх вольных людзей у Рэчы Паспалітай. З яго пачалася палітыка рэлігійнай свабоды ў рэспубліцы.

У 2003 годзе тэкст Акта канфедэрацыі ЮНЕСКА ўнесла ў спіс “Памяць свету”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі