"Дата генератар": 27 лютага 1734 года — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл

"Дата генератар": 27 лютага 1734 года — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл

Нарадзіўся ў Нясвіжы 27 лютага 1734 года, памёр 27 лістапада 1790-га. Бацька — Міхал Казімір “Рыбанька” (1702–1766), маці — Францішка Уршула Вішнявецкая (1705–1753) — паэтка і драматург, стваральніца (1746) тэатра ў Нясвіжы. 

Быў ён шмат разоў паслом на соймы (першы раз — у 14 гадоў), маршалкам Трыбунала ВКЛ, падчашым і мечнікам, ваяводам Віленскім, генералам войска ВКЛ. А галоўнае — самым багатым панам Княства: яму належалі Нясвіж і Слуцк, Капыль і Алыка, мноства маёнткаў на Беларусі, ва Украіне, Літве і Польшчы. Гэта яму належалі славутыя 12 апосталаў — фігуры вышынёй 65 см, адлітыя са срэбра і пазалочаныя — якія аднойчы зніклі невядома куды. 

Увайшоў у гісторыю як “легкадумны палітык і абмежаваны чалавек”, як п'яніца і гуляка. Усе пасады і паўнамоцтвы не здолеў выкарыстаць для ўмацавання свайго становішча ў дзяржаве. І прайграў палітычную барацьбу князям Чартарыйскім.  

 

Вельмі добразычліва ставіўся да шляхты (яго ўлюбёны зварот быў “пане каханку”, адсюль мянушка). На пірах, што цягнуліся тыднямі, паіў і карміў сотні шляхцюкоў — знаёмых і незнаёмых, суседзяў і тых, што прыехалі здалёку. У той жа час любіў розныя экстравагантныя ўчынкі, асабліва тыя, што больш за ўсё былі падобныя да здзекаў. Святар і мемуарыст Анджэй Кітовіч пісаў пра яго:

“Па натуры ён мала адрозніваўся ад вар’ята, а п’яны зусім шалеў... Выпіўшы, жорстка здзекаваўся з розных прыдворных і гасцей. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцця убіць келіх у рот, каб чалавек аж захлынуўся, наліць ззаду за каўнер віна, моцна стукнуць галовамі ў час размовы — каб аж выскачылі на лбах гузы, выкідваць розныя фіглі з абразай для жаночага сораму — вось самая прыемная забава Радзівіла”.

Мемуарыст Юльян Нямцэвіч (1758–1841) згадваў, што папскі нунцый Салуца быў напалоханы да смерці прагулкай з Радзівілам у лёгкай павозцы на двух колах, запрэжанай шасцёркай мядзведзяў.

Усе мемуарысты сцвярджаюць, што ўсё яго жыццё ў Нясвіжы нагадвала аперэту ці буфанаду. Напрыклад, мог з'явіцца на гарадскі пляц Нясвіжа на бочачцы з віном, у рымскай тозе. Казаў, што ён бог Бахус, і прымушаў гараджан і шляхцічаў піць да паўсмерці. Катаўся ўлетку на санках, запрэжаных мядзведзямі, па дарозе, высыпанай соллю, ад замка да касцёла.

Князь выпісаў з Парыжа машыну, якая выпрацоўвала электрычнасць. У тыя часы, калі залы асвятлялі свечкамі, агністыя выбліскі над сталёвым шарам гледачы ўспрымалі як цуд. І вось аднойчы князь паказаў дзеянне сваёй машыны перад навальніцай. Калі за вокнамі пачалі зіхацець маланкі, князь паведаміў, што гэта ён выклікаў навальніцу сваёй машынай. Госці паверылі. Але праз дзень адзін шляхціч вярнуўся і заявіў князю, што ад яго маланкі згарэлі адрына і гумно ў маёнтку. І запатрабаваў кампенсацыю. Пане Каханку заплаціў, каб падтрымаць рэпутацыю ўладара маланак і грому.

Сёння цяжка сказаць, што было на самай справе, а што яму прыпісалі. Але несумненна тое, што яго паводзіны ды ўчынкі найбольш падабаліся мала адукаванай і адсталай частцы шляхты. Дрэнны ў яго быў густ і грубы гумар. Не выпадкова французскі палкоўнік Шарль Дзюмур’е (1739–1823), які ў 1770–1771 гадах узначальваў аддзелы барскіх канфедэратаў, пазней напісаў у мемуарах: “Князь Караль Радзівіл — абсалютная жывёла!”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі