Вы тут

"Дата генератар": 20 сакавіка 1767 года — Слуцкая канфедэрацыя

.

Гэта палітычны хаўрус пратэстанцкай (кальвінісцкай і лютэранскай) і праваслаўнай шляхты ВКЛ, які па загадзе Кацярыны II стварыў праз сваіх памагатых князь Мікалай Рапнін, амбасадар Расіі ў Рэчы Паспалітай.

Афіцыйнай мэтай канфедэрацыі было абвешчана “ўраўнаванне палітычных правоў праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты з правамі каталікоў”. Аднак на самай справе Расія і Прусія ставілі сабе за мэту не дапусціць узмацнення Рэчы Паспалітай праз рэформы, распачатыя каралём Станіславам Аўгустам і яго ўрадам на чале з князямі Чартарыйскімі. У 1764 годзе была складзена сакрэтная дамова паміж Расіяй і Прусіяй, паводле якой абедзве дзяржавы абавязаліся не дапускаць аніякіх паляпшэнняў палітычнага становішча ў Рэчы Паспалітай, падтрымліваць у ёй свавольства магнатаў.

У ход пайшла даўняя карта “дысідэнтаў” — шляхты і мяшчан некаталіцкага веравызнання. Прыгадаўшы ўмовы “вечнага міру” 1686 года, які дазваляў тагачаснай Масковіі бараніць правы праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына ІІ патрабавала зраўняць правы “дысідэнтаў” з правамі каталікоў і захаваць прынцып liberum veto, згодна з якім кожны дэпутат сойма ці сойміка меў права выказаць сваю нязгоду з пастановай сойма і такім чынам скасаваць разам усе прынятыя пастановы.

Вальны сойм 1766 года адхіліў патрабаванні Расіі. У адказ Кацярына паслала свае вайсковыя аддзелы. Пад іх аховай у сакавіку 1767-га ў Свята-Траецкім манастыры Слуцка 248 чалавек (з іх толькі 22 пратэстанты) падпісалі Акт канфедэрацыі. Маршалкам абралі генерал-маёра войска ВКЛ кальвініста Яна Грабоўскага. А найбольш уплывовым праваслаўным канфедэратам быў епіскап Георгій Каніскі, які проста маліўся на Кацярыну. Фельд’егер адразу паскакаў у Пецярбург да Кацярыны. Як толькі яна прачытала той акт, дык адразу загадала, каб корпус у 20 тысяч чалавек увайшоў на тэрыторыю Літвы (Беларусі) і Польшчы, каб “падтрымаць справядлівую справу канфедэратаў”, — фактычна распачала агрэсію супраць незалежнай суверэннай дзяржавы. Прускія ж улады стварылі канфедэрацыю пратэстантаў у Торуні.

Пакуль у Варшаве стаяла расійскае войска і вяліся арышты найбольш уплывовых людзей, сойм Рэчы Паспалітай у лютым 1768 года прыняў пастанову аб поўных правах дысідэнтаў (дагэтуль яны мелі права на свабоду веравызнання, але не маглі займаць дзяржаўных пасад), аднавіў прынцып liberum veto, шляхецкія вольнасці, выключнае права шляхты на дзяржаўныя пасады — усё тое, ад чаго гінула Рэч Паспалітая. Тады ж была падпісаная дамова, паводле якой Кацярына ўзяла на сябе ролю гаранта выканання пастаноў 1768 года і права “абароны” праваслаўных (якія складалі 8% вернікаў у Рэчы Паспалітай).

А супраціўнікі расійскага дыктату таксама аб'ядналіся і адразу стварылі сваю канфедэрацыю ў Бары (28 лютага 1768 года). Да яе далучылася большасць шляхты Польшчы і ВКЛ. Аднак шляхецкае рушэнне з самага пачатку не мела шанцаў на перамогу у вайне супраць рэгулярных армій Расіі і Прусіі. Таму канфедэраты прайгралі (пра гэта я ўжо расказваў раней). Расправіўшыся з канфедэратамі, у жніўні 1772 года Расія падпісала з Аўстрыяй і Прусіяй пагадненне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай (пра гэта я таксама расказваў раней).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.