Вы тут

Даследаванне: 61% апытаных беларусаў вераць, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя

Агучаныя афіцыйныя вынікі выбараў выклікалі масавыя пратэсты, якія не спыняюцца паўгода / З архіва БЕЛТА

Брытанскі даследчы цэнтр Chatham House апублікаваў вынікі даследавання, якое праводзілася ў студзені 2021 года. Яго цікавіла, "што беларусы думаюць пра палітычны крызіс". Было апытана больш за 900 чалавек і, відаць, праз інтэрнэт. Як вядома, незалежныя сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі немагчымыя. Таму сацыёлагі смела выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, каб дазнацца пра настроі, думкі, меркаванні беларусаў.

Што даведаліся эксперты Chatham House? Больш за 23% апытаных не галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні мінулага года. З тых, хто галасаваў, 50,4% выбралі Святлану Ціханоўскую. Аляксандра Лукашэнку падтрымалі 21,2%, "супраць усіх" былі 13%.

Як вядома, паводле афіцыйных вынікаў выбараў, Лукашэнка атрымаў 80,1%, Ціханоўская — 10,1%. Агучаныя гэтыя лічбы выклікалі абурэнне людзей і масавыя пратэсты, якія не спыняюцца паўгода. Па ўсёй краіне праходзяць суды над пратэстоўцамі. 61,3% апытаных перакананыя, што вынікі выбараў сфальсіфкаваныя, не вераць у фальсіфікацыі амаль 14%, кожны чацвёрты не змог адказаць на пытанне.

Да акцый пратэсту станоўча адносяцца 25,4%, адмоўна —  19,7%. Больш за 67% апытаных лічаць, што сілавікі ў жніўні ўжылі неапраўданую і празмерную сілу супраць мірных дэманстрантаў.

Удзельнікі апытання выбіралі чалавека, які мог бы стаць прэзідэнтам нашай краіны. Найбольшую падтрымку атрымаў палітвязень Віктар Бабарыка — 28,8%, у Аляксандра Лукашэнкі — 27,4%, экс-міністр культуры, а цяпер апазіцыянер Павел Латушка мае 12,1%. У былога прэм'ера Сяргея Румаса 4,3%.

27,8% апытаных думаюць, што Лукашэнка перастане кіраваць краінай у 2025 годзе, 22% — да канца 2021-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.