Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?

Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?

Актывіст Станіслаў Цыбінскі, які ў Беларусі адбыў тэрмін за забойства, не змог атрымаць статус палітычнага ўцекача ў Германіі. У дакументах, у якіх Стаса просяць пакінуць краіну на працягу 30 дзён, нічога не гаворыцца пра прычыну адмовы. Але Стас упэўнены, што ведае яе:

— Мне расказалі, што Германія адмаўляе ў выдачы статусу ўцекача тым, хто раней быў асуджаны за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў. Мой выпадак не адзіны.

Еўрарадыё спрабавала разабрацца, ці мае палітычна актыўны беларус з пагашанай судзімасцю права на новае жыццё ў ЕС.
 

“І пакіньце краіну як мага хутчэй”

Калі Станіславу Цыбінскаму было 18 гадоў, яго асудзілі за забойства. Раней у інтэрв’ю Еўрарадыё Стас расказваў, як забіў чалавека. Наступствы — 15 гадоў строгага рэжыму. Калі Станіслава вызвалілі, ён пачаў дапамагаць іншым людзям, якія намагаюцца вярнуцца да жыцця пасля зняволення.

У 2020 годзе ён з’ехаў з краіны. Спачатку — у Маскву, пасля — у Кіеў. У лютым гэтага года давялося з’ехаць і з Кіева. Ён паспрабаваў атрымаць статус ваеннага ўцекача ў Германіі. Нямецкія ўлады адмовілі і фармальна мелі на тое права.

Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?
Стас Цыбінскі / August2020

Але Стас ведаў, што дакладна зможа даказаць Германіі, што быў і застаецца палітычным уцекачом. Дакументы, якія маглі б пацвердзіць, што ехаць у Беларусь асабіста Стасу не варта, у яго былі. Але раптам Германія адмовіла і ў палітычным уцякацтве.

На сувязь з Цыбінскім ужо выйшлі прадстаўнікі ініцыятывы Razam — яе заснавала беларуская дыяспара ў Германіі. Стасу дапамогуць скласці апеляцыю і знойдуць адваката, які дапаможа напісаць абгрунтаванне, — на гэта будзе месяц.

Але пасля таго, як мы расказалі гісторыю Стаса, да нас сталі звяртацца іншыя людзі. Яны казалі, што іх праблемы “адзін у адзін” падобныя да праблем Цыбінскага. Мы запыталі адваката Алеся Міхалевіча, ці сапраўды ЕС можа адмовіць чалавеку ў праве на новае жыццё ў Еўропе толькі на падставе таго, што калісьці ён быў асуджаны за цяжкае злачынства.
 

Ці варта адкрыта расказваць, што быў асуджаны?

Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?

— Прамой забароны на надаванне статусу ўцекача асобам, якія раней былі асуджаныя і адбылі тэрмін пакарання, няма. Інстытут міжнароднай абароны з'яўляецца гнуткім, і ў большасці выпадкаў усё вызначае кантэкст і дэталі правядзення інтэрв'ю [пры падачы дакументаў. — Еўрарадыё] і агульнапалітычны парадак дня.

Але так, фармальна непалітычнае злачынства ў мінулым сапраўды можа з’яўляцца адной з падставаў для адмовы ў наданні статусу ўцекача.

— Але калі гаворка ідзе пра ўцекачоў з Беларусі, гэта не мусіць быць вельмі важнай акалічнасцю. Ёсць людзі, якія ў маладосці былі прызнаныя злачынцамі па “звычайных” крымінальных артыкулах, а пасля актыўна заангажаваліся ў апазіцыйную ці журналісцкую дзейнасць. Цяпер яны маюць новы пераслед, не звязаны з іх мінулым. І мінулае не павінна ўплываць на разгляд справы цяпер.

Кожны такі выпадак трэба разглядаць асобна, глядзець, як трактаваліся словы чалавека пра ўдзел у палітычных падзеях.

Лёс чалавека вызначае менавіта сумоўе, падчас якога ёсць магчымасць растлумачыць, чаму дома вам пагражае небяспека. Пажадана, каб на гэтым сумоўі пры вас былі дакументы, якія пацвярджаюць вашую палітычную дзейнасць.

А ці варта наўпрост казаць, што вы былі асуджаныя за крымінальнае злачынства?

— Я б раіў сказаць: так, такая справа была. Але ў размове сканцэнтравацца на сваёй новай дзейнасці і тых палітычных небяспеках, якія ўзнікаюць у сувязі з ёю менавіта цяпер.

Падчас інтэрв’ю — і пажадана з дапамогай дакументаў — вы павінны прадэманстраваць, чаму баіцеся вяртацца ў краіну паходжання.
 

“Па сутнасці крымінальнай справы міграцыйныя органы разбірацца не будуць”

Да Еўрарадыё звярнуўся беларус, супраць якога дома было заведзена некалькі крымінальных спраў, у тым ліку па цяжкіх артыкулах. Ён правёў у зняволенні 15 гадоў. Але кажа, што ўсе разы станавіўся ахвярай паклёпу ў маленькім беларускім горадзе.

Наш суразмоўнік папрасіў міграцыйныя органы разабрацца ў ягоных справах па сутнасці. Але там адмовіліся і цяпер просяць яго пакінуць адну з краін ЕС, дзе ён цяпер жыве. Лічыць палітуцекачом адмаўляюцца.

Наш чытач упэўнены, што чыноўнікі міграцыйных органаў павінны былі разбірацца ў сутнасці спраў. Але ці мусілі яны сапраўды гэта рабіць?

Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?
ЦІ павінны міграцыйныя органы разбірацца ў справе "па сутнасці"? / pixabay

— Не, па сутнасці крымінальнай справы міграцыйныя органы разбірацца не абавязаныя. Чалавек падчас інтэрв’ю павінны даказаць, што яго пераслед носіць канвенцыйны характар, то-бок звязаны з нацыянальнасцю, расай, палітычнымі поглядамі ці прыналежнасцю да канкрэтнай сацыяльнай групы.

Краіна павінна разбірацца з тым, наколькі абгрунтавана гэты чалавек мяркуе, што яго будуць пераследаваць у Беларусі, што яго правы будуць парушаныя, што ў адносінах да яго будуць прымяняцца розныя віды пакарання. Разглядаючы прашэнне на наданне статусу ўцекача, дзяржава адказвае менавіта на гэтыя пытанні. Папярэднія прысуды ў тэорыі павінны мець меншае значэнне.
 

Ваенны злачынца за суседнім столікам

Адзінае, што Канвенцыя пра статус уцекача наўпрост забараняе, — надаваць гэты статус ваенным злачынцам. Тэрміну даўніны такія злачынствы для міграцыйных службаў мець не будуць. Ні праз 15 гадоў, ні праз 50 ваенныя злачынцы ўцекачамі ў ЕС не стануць.

Але гэта не значыць, што вы не апыняцеся калі-небудзь за суседнімі столікамі ў еўрапейскай кавярні.

Ці могуць беларусу адмовіць у статусе ўцекача з-за судзімасці “па крыміналцы”?
Але гэта не значыць, што вы не апыняцеся калі-небудзь за суседнімі столікамі ў еўрапейскай кавярні / pixabay

— Трэба разумець, што, апроч атрымання статусу ўцекача, ёсць іншыя опцыі. Уявіце: адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Садама Хусейна, які непасрэдна адказваў за катаванні людзей, пасля змены ўлады ў Іраку аказваецца ў ЕС. Ці можа краіна ЕС экстрадаваць такога чалавека ў Ірак? Безумоўна, не. Бо яго там чакае парушэнне правоў чалавека — папросту ёсць вялікая верагоднасць, што яго там будуць катаваць.

Гэта азначае, што такі чалавек зможа застацца ў ЕС. Без статусу ўцекача, але з іншым статусам, які дазваляе жыць, а ў некаторых выпадках і працаваць, і мець права на сацыяльную дапамогу. То-бок нават адсутнасць права на атрыманне статусу ўцекача не азначае, што нават такога чалавека аўтаматычна выкінуць з краіны ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі