Польшча летась выдала беларусам на 15% менш першых ДНЖ і доўгатэрміновых віз
Дакументы беларуса ў Польшчы / MOST
У 2025 годзе Польшча выдала грамадзянам Беларусі 128,5 тыс. першых дазволаў на знаходжанне — ДНЖ і доўгатэрміновых нацыянальных віз. У параўнанні з 2024 годам гэта менш на 22,6 тыс., або на 14,9%, падлічыла выданне MOST.
У гэтую статыстыку, якую вядзе адпаведная служба Еўрасаюза, уключаюцца не толькі ДНЖ, але і нацыянальныя доўгатэрміновыя візы (тыпу D), якія выдаюцца на тэрмін звыш 90 дзён. Дакументы лічацца ўпершыню выдадзенымі, калі паміж заканчэннем папярэдняга і выдачай новага прайшло больш за паўгода.
Большасць нацыянальных віз і ДНЖ — 71,5 тыс. — беларусы атрымалі на падставе працаўладкавання. "Па іншых прычынах" беларусы атрымалі 50,3 тыс. дазволаў. У гэтую лічбу ўваходзяць як ДНЖ па міжнароднай абароне, так і візы па Карце паляка.
Найбольшую колькасць першых дазволаў на знаходжанне Польшча выдала беларусам у 2022 годзе — 285,5 тыс. Пасля гэтага іх колькасць стала штогод змяншацца. У 2023 годзе — 255,6 тыс., у 2024-м — 151,1 тыс.
Агулам за 2025 год беларусы атрымалі ў краінах ЕС 147,6 тыс. першых ДНЖ і нацыянальных віз. 87,1% з іх выдала Польшча. Другое месца па колькасці займае Літва — 11,9 тыс. (8%), на трэцім аказалася Германія — 1,5 тыс. (1%).