Чым зараз займаецца BySol? Запыталіся ў Андрэя Стрыжака

Чым зараз займаецца BySol? Запыталіся ў Андрэя Стрыжака

Сумы, якія збірае фонд BySol, ужо меншыя, чым год таму, але і яны шмат каму дапамагаюць, кажа заснавальнік фонда Андрэй Стрыжак. Да таго ж фонд намагаецца гібка прыстасоўвацца пад патрэбы беларусаў.

“Як толькі мы пабачылі, што колькасць палітвязняў стала шалёнай, мы адкрылі кірунак дапамогі сем’ям палітвязняў. Як толькі мы пабачылі, што ў людзей з’явіліся праблемы з выездам, мы пачалі дапамагаць ім з выездам”, — тлумачыць Стрыжак у эфіры Еўрарадыё.

Агульная колькасць грошай, якія былі сабраныя і пералічаныя беларусам, — 4 млн еўра, гаворка ідзе толькі пра адзін фонд BySol.

“Сума выглядае як велізарная, але калі пералічыць яе на колькасць людзей, якія жывуць у Беларусі, на колькасць гісторый — гэта недастаткова”, — кажа Стрыжак.

Пасля пераезду людзі сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі. Частку з іх дапамагаюць вырашаць партнёры фонду. Але сіламі недзяржаўных структур цяжка дапамагаць тысячам людзей, прызнае Стрыжак.

“Жывучы ў Літве, я ўсцешаны тым, што дзякуючы дэмакратычнаму ладу і невялікім памерам краіны ёсць магчымасць сваё экспертнае меркаванне данесці да людзей, якія будуць прымаць рашэнні. Як след, рашэнні дастаткова ўзважаныя і мудрыя”, — расказвае ён і кажа пра важнасць супрацы актывістаў менавіта з дзяржаўнымі структурамі.
 

Ці будзе фонд дапамагаць новай забастоўцы?

Тут Стрыжак адказвае дыпламатычна. З аднаго боку, людзі, якім дапамога патрэбная, безумоўна, яе атрымаюць. З іншага — у фондзе пра запланаваную забастоўку нічога не ведалі.

“Кожны чалавек, які нешта аб’яўляе, павінны браць на сябе адказнасць. Калі я аб’яўляў, што мы пачынаем зборы і працу новай структуры, я разумеў памер працы. Хоць не мог сабе ўявіць, што гэта на столькі зацягнецца і зменіць усё маё жыццё. Любая актыўнасць павінна мець вялікі падрыхтоўчы этап. Ён выражаецца ў фармаванні фонду салідарнасці, стачачных камітэтаў, ценявых груп, якія будуць займацца стачкай. Не магу каментаваць тое, як выглядае зараз абвешчаны на 1 лістапада страйк, бо мы ніяк не ўдзельнічалі ў гэтай актыўнасці, што таксама кажа пра ўзровень падрыхтоўкі”, — кажа Стрыжак.

Ён упэўнены, што аднамомантавага спынення эканомікі, выхаду ўсіх працоўных не адбудзецца. Але зазначае павольную, няспынную стагнацыю сістэмы. І падкрэслівае: у аб’яўленні забастоўкі вельмі важная адказнасць:

“Бо таму ж BySol прыйдзецца гэтых людзей вывозіць”.

Стрыжак тлумачыць: раней у выніку забастоўкі чалавек ішоў на новую працу. А цяпер — на лаву падсудных.

“Я ў Беларусі не знаходжуся з 2020 года, мне складана вызначаць настроі, якія ёсць у працоўных масах. Але я бачу, што людзі не на піку сваіх пратэсных магчымасцяў. Калі нават у кастрычніку 2020 года не спрацавала, то цяпер я адчуваю скепсіс. Але я веру ў доўгую стагнацыю. Беларусь захрасла ў часавой пятлі, немагчыма і старонку перагарнуць, і назад не адкатаеш. І людзям на працоўных месцах гэта перадаецца”, — лічыць Стрыжак.
 

Беларусы ўсё яшчэ гатовыя дапамагаць?

А што з салідарнасцю, якая год таму шмат каго здзівіла? Яе яшчэ хапае?

“Акрамя грошай, галоўны наш рэсурс — людзі, якія рукамі, галовамі, часавымі рэсурсамі дапамагаюць іншым. На жаль, яны выгараюць, няма культуры асабістай псіхагігіены. Але гэта не толькі ў Беларусі. Нягледзячы на гэта застаўся касцяк, людзі, якія больш за год працуюць за маленькія грошы ці валанцёраць. Асабліва трэба адзначыць бізнес. Калі казаць пра лічбы — на персанальныя зборы за тыдзень і на мэтавыя кірункі нашай працы агулам прыходзіць 12–20 тысяч еўра. Гэта дастаткова вялікія грошы, якія могуць дапамагчы шмат каму”, — рэзюмуе Стрыжак.

Поўную размову з Андрээм Стрыжаком глядзіце на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі