Вы тут

Чалы: гэта першая "нафтавая вайна" з Расіяй, якую Беларусь прайграла

Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Эканаміст Сяргей Чалы ў эфіры Еўрарадыё пракаментаваў згоду Беларусі атрымаць кампенсацыю за "брудную нафту" на ўмовах Расіі. У "Белнафтахіме" заявілі, што спадзяюцца атрымаць каля 61 млн долараў, а спачатку беларускі бок гаварыў пра значна большыя лічбы.

"Я не вельмі разумею, навошта гэта было патрэбна, — кажа Чалы. — Не разумею, навошта было ўпірацца два месяцы для таго, каб пасля пагадзіцца... Гэта вельмі кепска ў тым сэнсе, што ў гульні, хто першы міргне, першымі міргнулі мы. І цяпер Расія будзе ведаць, што ў яе ёсць механізм зрабіць нам балюча, а мы цярпець доўга не можам".

Эканаміст мяркуе, што, акрамя эканамічных страт, у Беларусі ёсць страты рэпутацыйныя.

Чалы: "Гэта першая "нафтавая вайна", ці любая іншая... газавая, энергетычная, у якой нам не ўдалося дамагчыся нічога. Гэта ўпершыню такое!".

Беларусь аказалася не гатовая да працяглага канфлікту, не мела дастаткова вялікіх запасаў нафты для сваіх НПЗ, а Масква "першы раз не павялася", пачакала і ў выніку перамагла, мяркуе эканаміст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.