Статкевіч: заявы Крамля пра беларускую нафту могуць справакаваць Украіну на ўдары па НПЗ
Мікалай Статкевіч / Euroradio
Крэмль заявамі пра "максімальныя" пастаўкі паліва з Беларусі можа справакаваць Украіну на ўдары па беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах. Такое меркаванне ў сваім Telegram-канале выказаў палітык Мікалай Статкевіч.
Паводле яго, з пункту гледжання Украіны Беларусь забяспечвае Расію палівам для вайны. Таму, калі ўкраінскія сілы сапраўды нанясуць удар па Мазырскім або Наваполацкім НПЗ, Мінску будзе складана пазбегнуць яшчэ большага ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну.
Статкевіч прапануе Беларусі пайсці на нестандартны крок — пастаўляць паліва адначасова Расіі і Украіне. Пры гэтым для Украіны, на яго думку, цану можна было б зрабіць значна ніжэйшай.
"Мо цяпер варта прапанаваць украінцам вярнуцца да праверанай схемы — салярка для вайны ім таксама патрэбная. А каб пагадзіліся і менш ненавідзелі за спробу захопу расійскімі войскамі Кіева з нашай тэрыторыі ў 2022 годзе, трэба цану для Украіны зрабіць істотна меншай, чым для Расіі.
Хай прыбытак будзе малым. Але галоўнае — пазбегнуць стратаў, бо некаторыя ўстаноўкі на НПЗ могуць каштаваць сотні мільёнаў нерублёў. Ужо не кажу пра ўкраінскія дроны над рэзідэнцыямі ды над нашымі галовамі", — напісаў палітык.
Ён таксама адзначыў, што галоўнай мэтай такой схемы бачыць не прыбытак, а спробу знізіць рызыку ўдараў па беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах.