Вы тут

Цапкала павіншаваў беларусаў з надыходзячым святам вызвалення ад рэжыму

Валерый Цапкала / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

"Я мару пра тое, каб Днём канчатковага вызвалення Беларусі ад рэжыму, які пагарджае беларускаму народу, называючы яго "народзік", стаў дзень 9 жніўня", — піша прэтэндэнт у кандыдаты прэзідэнта, прадпрымальнік Валерый Цапкала.

3 ліпеня ён па-свойму павіншаваў беларускі народ са сваёй старонкі ў "Фэйсбуку".

Цапкала піша, што чакае вызвалення Беларусі ад рэжыму, стваральнік якога не раз казаў пра свае прыхільнасці да некаторых метадаў кіравання грамадствам і арганізацыі ўлады, што існаваў ў нацыскай Германіі.

"Які ігнаруе закон, справядлівасць і канстытуцыйныя правы сваіх грамадзян, пазбаўляючы іх магчымасці самім вызначаць сваю будучыню!" — пералічвае магчымы кандыдат і ўжо не можа спыніцца. Ён піша пра тое, як стваральнік рэжыму крадзе галасы ў выбаршчыкаў і плюе ім у твар, таму што ўпэўнены, што яны не змогуць адказаць. Ён піша, што дзейны рэжым "узвысіўся не дзякуючы асобістаму росту, а за кошт глумлення з людзей, пазбаўлення іх гонару і асабістай годнасці".

Паводле яго слоў, гэты рэжым зневажае і абражае людзей.

Далей Цапкала піша пра тое, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці і ўнукі без Лукашэнкі.

"Яны будуць жыць у краіне, дзе з стылю палітычнага кіраўніцтва ліквідаваная вульгарнасць, хамства і грубасць", — перакананы патэнцыйны кандыдат.

Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 9 жніўня. Валерыя Цапкалу могуць зняць з гонкі, паколькі выбарчыя камісіі прызналі сапраўднымі толькі каля 75 тысяч подпісаў грамадзян за яго (з пададзеных 160 тысяч). Для рэгістрацыі трэба было сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў. У штабе Цапкалы заяўляюць, што будуць абскарджваць адбракоўкі подпісаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.