Вы тут

Б’ёрндален: Магчыма, будзе болей дзяцей

Фота з архіву

Нарвежскі біятланіст, васьміразовы алімпійскі чэмпіён Уле Эйнар Б’ёрндален, якога называюць “каралём біятлона”, падзяліўся сваімі планамі на будучыню. Летась ён завяршыў сваю кар’еру амаль адначасова з не меней знакамітай жонкай, беларускай біятланісткай Дар’ей Домрачавай.

У інтэрв’ю matchtv.ru Б’ёрндален сказаў, што спадзяецца быць шчаслівым чалавекам з дружнай сям’ёй.

“Магчыма, будзе болей дзяцей. Буду нашмат болей часу бавіць з маёй жонкай і дзецьмі. І спадзяюся, што ў мяне атрымаецца знайсці добры новы выклік для свайго жыцця. Мне гэта неабходна. Мне трэба да нечага імкнуцца”, — сказаў спартсмен.

Уле Эйнару Б’ёрндалену сёлета ў студзені спаўняецца 45 гадоў. Ён з’яўляецца рэкардсменам па колькасці тытулам і ўзнагародаў сярод біятланістаў у свеце. Сярод яго дасягненняў — абсалютнае чэмпіёнства па біятлоне на Гульнях у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 годзе.

З Дар’яй Домрачавай (адзіная з біятланістак, якая мае чатыры тытулы на алімпіядах) яны пажаніліся ў 2016 годзе. Тады ж у іх нарадзілася дачка Ксенія. Домрачавай цяпер 32 гады.