Вы тут

Выказваем заклапочанасць: кібервойскі ва Украіне, забарона на рамонт Xiaomi

Каротка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё​

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распарадзіўся стварыць кібервойскі

Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны. Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, якое было прынятае ў рамках стратэгіі кібербяспекі. 

Згодна з указам, кібервойскі патрэбныя для "стрымлівання ўзброенай агрэсіі ў кіберпрасторы і аказання адпору агрэсару". Перад стварэннем кібервойскаў урад Украіны палічыць, колькі рэсурсаў неабходна будзе выдаткаваць на стварэнне і падтрыманне іх працы.

Там жа вызначаць, хто менавіта будзе ўваходзіць у асабісты склад (рэзервісты, звольненыя ў запас, звольненыя па выслузе) і колькі патрабуецца людзей для функцыянавання такога роду войскаў.

Гугліць "як запісацца ў кіберсотню Украіны" пакуль рана: законапраект аб стварэнні кібервойск у сістэму Мінабароны ўнясуць толькі праз два месяцы.

Экс-салістка гурта "Тату" Лена Каціна расказала, што ў дзяцінстве падверглася сексуальнаму гвалту

Экс-удзельніца гурта "Тату" прыйшла ў перадачу "Сакрэт на мільён", якую вядзе Лера Кудраўцава, і расказала, што перажыла ў дзяцінстве гвалт на сексуальнай глебе. Яна таксама распавяказала, што доўга прыходзіла ў сябе пасля таго, што адбылося, але ўратавалася з дапамогай псіхатэрапіі. 

"Я да гэтага часу памятаю яго твар. Было так брыдка, гэта было жудасна брыдка. Я цяпер пра гэта расказваю без слёз, таму што гэта прапрацавана з псіхолагам. Я вельмі доўга над гэтым працавала. Я гатовая пра гэта гаварыць, таму што гэта можа дапамагчы іншым падлеткам справіцца", — сказала Лена Каціна.

Раней у гэтай жа перадачы Леры Кудраўцавай аб згвалтаванні ў дзіцячым узросце расказала галоўная гераіня савецкага фільма "Снежная каралева" Алена Проклава

Джо Байдэн загадаў атакаваць лідараў і аб'екты тэрарыстаў, якія маюць дачыненне да тэракту ў Кабуле

"Мы не даруем. Мы не забудзем. Мы высачым вас і прымусім заплаціць. Мы адрэагуем з сілай і з дакладнасцю ў той час і ў тым месцы, якое мы абяром, і ў той момант, які мы абяром", — так сказаў Джо Байдэн у сваім звароце да нацыі. 

Нагадаем, учора каля кабульскага аэрапорта, дзе сабраліся тысячы афганцаў, якія бягуць з краіны, прагрымелі два магутныя выбухі. Сама меней 90 чалавек загінулі і каля 150 параненыя.

Xiaomi забараніла рамантаваць свае смартфоны "на баку"

Пакуль такая ініцыятыва дзейнічае толькі ў дачыненні да апошніх смартфонаў і толькі на тэрыторыі Кітая, але хутка можа распаўсюдзіцца і на ўвесь свет. Так, Xiaomi можа патрабаваць ад сваіх кліентаў рамантаваць фірмовыя прылады толькі з выкарыстаннем афіцыйных запчастак, па аналагічнай методыцы кампаніі Apple.

У чым сутнасць? З гэтага часу, калі вы вырашылі ўсталяваць у свой смартфон ад кітайскага вытворцы новую батарэю, але не ў сертыфікаваным сэрвісным цэнтры, вы можаце атрымаць зрэзаны па прадукцыйнасці апарат.

Калі прылада выявіць, што батарэю замянілі на несертыфікаваную, яна аўтаматычна абмяжуе хуткасць яе зарадкі і выдасць афіцыйнае папярэджанне:

"Падобна да таго, што ў прыладзе выкарыстоўваецца несертыфікаваны акумулятар. Хуткасць зарадкі будзе зніжаная ў мэтах бяспекі. Гэта можа прывесці да раздування, перагрэву і працякання акумулятара, а таксама справакаваць узгаранне або выбух. Звярніцеся ў аўтарызаваны сэрвісны цэнтр для замены акумулятара".

У Нарвегіі разгледзяць просьбу Брэйвіка аб УДВ

Суд у Осла разгледзіць просьбу Андэрса Брэйвіка аб умоўна-датэрміновым вызваленні. У верасні 2020 года стала вядома, што Брэйвік падаў прашэнне аб УДВ. Гэта стала магчымым, бо злачынца адседзеў восем гадоў, што адпавядае мінімальнага тэрміну зняволення па яго прысудзе. Брэйвік раней заявіў, што ўмовы ўтрымання ў турме парушаюць яго правы, і абяцаў судзіцца з нарвежскімі ўладамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.