Будаўніцтва "Газпрам цэнтра" хочуць зацягнуць яшчэ на чатыры гады
Хаця павінны былі здаць да канца 2020-га.
Будаўніцтва "Газпрам цэнтра" на месцы аўтавакзала "Маскоўскі" хочуць зацягнуць да канца 2024 года. Кампанія "Газпрам Трансгаз Беларусь", якая вядзе будаўніцтва, просіць матчыну кампанію "Газпрам" звярнуцца з такой просьбай да Аляксандра Лукашэнкі, піша TUT.by.
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпрам цэнтр" пачалося ў 2015 годзе. Здаць яго планавалася напрыканцы 2020-га.
Аднак улетку 2016 года ўсе працы на аб'екце былі згорнутыя, а потым будоўлю і ўвогуле закансервавалі. Раскансервавалі будоўлю толькі праз год.
Праблемы з будаўніцтвам узніклі з-за складанага грунту, на якім узводзяць 189-метровы будынак. Толькі ўвесну 2020-га ўсё было гатова да таго, каб абкласці жалезабетонную пліту падмурка. Работы па яе кладцы завяршылі на пачатку восені.
Гэтыя акалічнасці і прымушаюць "Газпрам" прасіць пра падаўжэнне тэрмінаў будаўніцтва на чатыры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.