Будаўніцтва чыгункі з Мінска ў аэрапорт падаражэла на 34 млн рублёў

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Будаўніцтва чыгункі з Мінска да Нацыянальнага аэрапорта за некалькі месяцаў падаражэла на 34 мільёны рублёў. Пра гэта паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Чыгунку з Мінска ў аэрапорт плануюць пабудаваць ужо каля паўтара дзясятка гадоў. Туды пускалі спецыяльны цягнік з перасадкай на аўтобус — у ім ездзіла спярша 20 пасажыраў, а потым — толькі два. Потым быў выдадзены адмысловы ўказ, напісаны праект і не адзін раз перасунутыя тэрміны.

Будаўніцтва першай чаргі чыгуначнай веткі пачалося ў верасні 2025-га: яно ідзе на ўчастку Сцяпянка — Гарадзішча. І гэта яшчэ не ветка да самога аэрапорта.

За некалькі месяцаў будаўніцтва кошт работ вырас ад 170,9 млн рублёў да 203,1 млн рублёў — на 20%. Да таго ж, быў перанесены тэрмін заканчэння работ: замест верасня 2027-га цяпер гавораць пра жнівень 2028-га. І гэтыя змены закранаюць толькі першую чаргу будаўніцтва.

Свае прэтэнзіі да будаўніцтва выказвае і Дзяржстандарт. У студзені 2026 года яго інспекцыя знайшла на аб'екце сем парушэнняў. Напрыклад, арматурную сетку падмурка водапрапускной трубы зрабілі не ў адпаведнасці з праектам. Не было лабараторнага кантролю трываласці бетону і цеплатэхнічнага разліку для зімовага бетанавання. Няправільна вяліся журналы работ. На прыпыначным пункце Садовы мацаванне металічнага каркаса будынка не адпавядала праекту.

"Пра якасць усяго будаўніцтва па гэтых эпізодах меркаваць рана. Але разам з частымі пераробкамі праекта яны кажуць не на карысць таго, як арганізаваныя працы і кантроль за імі. Тэхнічны нагляд на аб'екце вядзе сама БЧ як заказчык", — адзначаюць у Супольнасці чыгуначнікаў.

Будаўніцтва чыгункі з Мінска ў аэрапорт падаражэла на 34 млн рублёў
Графік будаўніцтва / Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.