Брастаўчанін захварэў ва Угандзе на малярыю

Брастаўчанін захварэў ва Угандзе на малярыю

Сёлета ў Брэсцкай вобласці зарэгістраваныя два выпадкі завозной малярыі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла ўрач-эпідэміёлаг супрацьэпідэмічнага аддзялення абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Корзан.

На пачатку кастрычніка ў паліклініку звярнуўся 35-гадовы брастаўчанін. Мужчына скардзіўся на высокую тэмпературу. Спярша яму паставілі дыягназ дыягнаставаны ВРІ і ліхаманка цьмянай этыялогіі. Калі ж ён распавёў, што ў студзені-лютым быў у Афрыцы, яго абследавалі больш пільна і выявілі узбуджальнікаў чатырохдзённай малярыі.

Брастаўчанін быў ва Угандзе ў складзе групы валанцёраў-добраахвотнікаў місіі адной з рэлігійных канфесій. Уганда лічыцца небяспечнай па малярыі. Перад паездкай мужчына не праводзіў хіміяпрафілактыку і ніякіх прэпаратаў не ўжываў. Місіянерам толькі раздалі экспрэс-тэсты для вызначэння захворвання на малярыю. Так напрыканцы лютага брастаўчанін даведаўся, што падхапіў гэтую хваробу. Ва Угандзе ён лячыўся прэпаратамі, якія выдалі мясцовыя медыкі. Але дадому, мяркуючы па ўсім, вярнуўся недалечаным. 

"Чатырохдзённая малярыя — гэта не смяротнае захворванне, але калі яго не лячыць, можа ўскладніцца сур'ёзнай хваробай нырак з неспрыяльным прагнозам. Прычым цягнуцца чатырохдзённая малярыя як інфекцыя можа дзесяцігоддзямі", — адзначыла Ала Корзан.

Мужчыну ўжо выпісалі са стацыянара. Цяпер ён будзе знаходзіцца пад наглядам лекара-інфекцыяніста, каб захворванне не вярнулася.

А вось 54-гадоваму кобрынцу пашанцавала менш. Мужчына працаваў матросам грузавога судна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. У студзені ён вярнуўся на радзіму і праз некалькі дзён адчуў рэзкае пагаршэнне здароўя. Але зварот да медыкаў выявіўся спозненым, выратаваць мужчыну не ўдалося: у яго выявілі вельмі цяжкую цэрэбральную форму трапічнай малярыі. Ад яе можна памерці за 2-5 дзён пасля з'яўлення сімптомаў. Высветлілася, што матрос ні перад, ні падчас сваёй замежнай паездкі не ўжываў супрацьмалярыйных прэпаратаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі