Вы тут

Больш за 100 страў, музыка, лекторый: Vulitsa Ezha ў Мінску 8–9 чэрвеня

Афіша фестывалю / Vulitsa Ezha

У выхадныя 8–9 чэрвеня ў Мінску пройдзе гарадскі фестываль Vulitsa Ezha. Месца правядзення: Цэнтральны батанічны сад. Стваральнікі вырашылі не зацыклівацца на ежы і трансфармуюць сваё дзецішча ў фестываль, або "гарадскі пікнік", як яны самі яго называюць.

Арганізатары так апісваюць місію Vulitsa Ezha: "Развіццё гастранамічнай культуры і павышэнне ўзроўню фестывальнай культуры ў цэлым. Наш прынцып вельмі просты: рабіць якасны прадукт па сумленнай цане". Гучыць, вядома, высакамоўна, але мы ім верым.

Для наведвальнікаў мерапрыемства ў праграме прадугледжана больш за 100 страў на фудкорце, некалькі чылаўт-зон з барамі, маркет з лакальнай ежай і дызайнерскімі рэчамі, адукацыйны лекторый на тэму гарадской супольнасці, велізарная дзіцячая зона ад "Мамслёт". Будзе чым заняць сябе ў перапынках паміж дэгустацыяй чарговага "гурманскага" бургера і натуральным веганскім дэсертам без кансервантаў.

У гэтым годзе на фестывалі адыграе шэсць запрошаных музыкаў крыху вышэй сярэдняй велічыні.

У першы дзень фестывалю выступяць:

Palina — новы праект ад Паліны Паланейчык, раней яна была вядомая пад творчым псеўданімам Рэспубліка Паліна.

Amsterdam — калектыў беларускага джазавага праекта BlackWhiteJazz.

Paradе of Planets — электронны праект, удзельнікі якога спяваюць на французскай і рускай мовах. Выпусцілі дэбютны альбом у 2017 годзе і заглухлі, перыядычна адстрэльваючыся сінгламі і кліпамі.

У другі дзень выступяць:

Groove Dealers — мінскі гурт, які грае хвацкі фанк, выпусцілі дэбютнік у 2018 годзе і цяпер пагаворваюць, што працуюць над наступным альбомам.

Тэхна-блюз Intelligency — выступаюць на вуліцах, выступаюць на канцэртах, "прымільгаліся". Паспелі выступіць на разагрэве ў Onuka, Mujuice і Teslaboy.

Расійскі гурт VLNY іграе дрым-попаўскі індзі-рок на рускай мове. Штампуюць па альбоме ў год, раз'язджаюць па турах і паспелі выступіць на разагрэве ў Івана Дорна.

Уваход: 10 рублёў. Дзецям да 12 гадоў уваход бясплатны. Квіткі можна купіць загадзя або ў дзень мерапрыемства непасрэдна на ўваходзе.