“Белавія” ўвяла плату за пераафармленне квіткоў

“Белавія” ўвяла плату за пераафармленне квіткоў

З 1 лістапада “Белавія” ўвяла новыя правілы, паводле якіх прадстаўнік кампаніі будзе прымаць у персанальным парадку рашэнне пра допуск на рэйс пасажыраў пры несупадзенні дадзеных квіткоў і пашпартоў. У выпадку памылкі магчымае нават адхіленне ад палёту. У кампаніі лічаць, што новая мера пойдзе на карысць самім падарожнікам.

Калі знойдзецца памылка, пасажыр зможа заплаціць збор, які складае 30 еўра, і перааформіць квіток. Гэта дазволіць пазбегнуць праблемаў і затрымак падчас рэгістрацыі на рэйс, піша Onliner.by

У выпадку несупадзення дадзеных, пазначаных у квітку і дакументах, падарожніку давядзецца дачакацца завяршэння рэгістрацыі. Пасля гэтага прадстаўнікі кампаніі паспрабуюць разабрацца ў сапраўднасці квітка. Усе выпадкі будуць разглядацца ў індывідуальным парадку.

Як распавядаюць у кампаніі, праблемы могуць узнікаць з лацінскай транслітарацыяй беларускіх прозвішчаў. Часам у квітках іх пазначаюць не так, як яны запісаныя ў пашпарце, таму на рэгістрацыі ў аэрапорце можа здарыцца блытаніна.

Апошнім часам узрасла колькасць пасажыраў, якія хочуць змяніць імя і прозвішча ў набытых квітках, таму “Белавія” і ўвяла збор за пераафармленне. Збор не трэба плаціць, калі памылку дапусцілі пры набыцці квіткоў “Белавія” непасрэдна ў касе. Таксама выключэннямі стануць удзельнікі праграмы “Белавія Лідар” залатога і сярэбранага ўзроўняў, пасажыры бізнэс-класа, пасажыры, малодшыя за два гады і пасажыры, якія змянілі прозвішча па сямейных абставінах, напрыклад, пасля рэгістрацыі шлюбу.

Фота: tio.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі