Беларусы пішуць Лукашэнку: Калі што-небудзь будзе рабіцца для дзяцей? (фота)

Беларусы пішуць Лукашэнку: Калі што-небудзь будзе рабіцца для дзяцей? (фота)

Напярэдадні "Вялікай размовы з прэзідэнтам", якая адбудзецца ў Палацы незалежнасці ў Мінску 3 лютага, кіраўніку дзяржавы людзі даслалі сотні пытанняў. Пра гэта паведамляе тэлеканал СТБ. У сюжэце, які быў паказаны ўвечары 2 лютага, дэманстраваліся некаторыя пытанні, якія беларусы пакінулі Аляксандру Лукашэнку на сайце БЕЛТА.

Спадар Маркевіч з Мінска пытаецца: "На якой галіне вертыкалі ўлады далі ўказанне шэраговым урачам у даведках і бюлетэнях пазначаць захворванні, якія адрозніваюцца ад рэальных? Чаму урачам забаронена пазначаць грып...?".

Вольга з Баранавіч незадаволеная, як медыкі адносяцца да людзей, яна распавяла кіраўніку дзяржавы гісторыю, як лячылі зуб яе дзіцяці. Яна не змагла замовіць талон па тэлефоне, трэба было туды з'явіцца, але захварэла другое дзіця, у яго была высокая тэмпература. "А ім усё роўна. Хочацца, каб разабраліся ў пытанні", — піша жанчына. Таксама эмацыйна напісаў пра праблемы медыцыны спадар Станчук з Брэста.

Спадарыню Іванову з Баранавічаў цікавіць, ці праўдзівыя чуткі, што будзе скарочаны дэкрэтны адпачынак па догляду дзіцяці з 3 да 2 гадоў.

Спадарыня Суворава з Віцебска эмацыйна піша: "Калі што-небудзь будзе рабіцца для дзяцей? Бясплатны праезд адабралі, бясплатных кружкоў няма, льготы на медыкаменты прыбралі, дапамогу пасля 3 гадоў прыбралі (дзеці есці не хочуць пасля 3 гадоў), звярніце ўвагу на кошт дзіцячых тавараў...".

Спадар Ласіцкі з Мінска пытаецца ў Лукашэнкі, чаму "Чаму створана высокаэшаланіраваная сістэма адпісак і чыноўнікі не нясуць адказнасці за свае дзеянні?".

Спадарыня Ягорава з Маладзечна піша пра тое, што атрымала ліст з прапановай заплаціць падатак на "дармаедства" ды распавядае пра сваю сітуацыю.

Дзмітрый Валянцінавіч з Брэста напісаў пра праблему беларускамоўнай адукацыі: "85% вучняў школ у Беларусі сёння навучаюцца на рускай мове. Прадметы "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" — 2-4 урокі на тыдзень. Больш дзеці не чуюць беларускай мовы ў школе і ў звычайным жыцці таксама. З-за гэтага яны дрэнна ведаюць беларускую мову, часта проста яе не разумеюць. Ці не вярнуць нам хоць бы вывучэнне "Гісторыі Беларусі" на беларускай мове ў рускамоўных школах (як гэта было да 2006 года), каб дзеці лепш ведалі беларускую мову, часцей чулі жывое беларускае слова?".

Спадарыня Святлана з Мінска пытаецца ў Лукашэнкі, ці можна вырашыць пытанне пра невялікую зніжку студэнтам на праезд у грамадскім транспарце.

Спадарыня Баранава з Мінска піша: "Прывітанне, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, я хацела ў вас спытаць, а чаму так мала дзіцячыя паднялі, на 1 руб 38 кап, што за іх можаш купіць дзіцяці, нічога... напішыце...".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі