Беларускія лётчыкі сядуць у цёмны час сутак на магілёўскай трасе

Беларускія лётчыкі сядуць у цёмны час сутак на магілёўскай трасе

17-19 траўня ў Беларусі праводзіцца лётна-тактычнае вучэнне з 61-й знішчальнай авіяцыйнай базай Ваенна-паветраных сілаў і войскаў Супрацьпаветранай абароны .

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, 18 траўня на вучэннях лётчыкі будуць адпрацоўваць выкарыстанне ўчастка аўтамабільнай дарогі ў якасці запаснога аэрадрома. Самалёты МіГ-29 са складу 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, Як-130 і Су-25 са складу 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы зробяць пасадку на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі. Там жа іх потым падрыхтуюць да паўторнага вылету для далейшага выканання задач па прызначэнні.

Асаблівасцю гэтага вучэння стане тое, што пасадка ўпершыню будзе рабіцца ў цёмны час сутак. У прэс-службе падкрэсліваюць, што аўтамабільны ўчастак дарогі не абсталяваны такой сістэмай навігацыі і пасадкі, як аэрадром. Гэта ўскладняе задачу лётчыкаў.

Пасадка будзе праводзіцца на аўтадарогу Мінск — Магілёў паміж Чэрвенем і Беразіном. У сувязі з гэтым участак трасы будзе закрыты для аўтамабільнага руху.

Прыкрываць пасадку самалётаў на дарогу будуць верталёты Мі-24 са складу 50-й змяшанай авіяцыйнай базы, а на прылеглых да аэрадромных участкаў аўтамабільнай дарогі — падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

Жывая трансляцыя лётна-тактычнага вучэння будзе весціся на сайце тэлекампаніі "Ваен ТБ" і партале Міністэрства абароны з 20.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі