Беларускія альтэрнатыўныя музыкі выступяць супраць СНІДу

1 снежня ў Мінску пройдзе традыцыйны Фестываль альтэрнатыўнай музыкі, прымеркаваны да сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Па словах арганізатара Віталя Супрановіча, першыя мерапрыемствы падобнага кшталту праходзілі яшчэ ў "Рэактары", а іх хэдлайнерамі станавіўся гурт "Куклы".


"Нам здавалася, што фэны "Кукал" і ёсць мэтавая аўдыторыя гэтых канцэртаў, сярод якой варта распаўсюдзіць інфармацыю, датычную праблем СНІДу", — распавядае Супрановіч.


Сёлета "Куклы" на сцэну фэсту не выйдуць. Затое публіку парадуюць даўнія ўдзельнікі імпрэзы — гурт "Рикошет", новая фармацыя Рамана Сухоцкага Avias, а таксама вядомыя аматарам беларускага року IQ48 і Sciana.


"Фэст мае і адукацыйную мэту, — працягвае Віталь. — На ім заўсёды раздаецца адмысловая літаратура, мы запрашаем да супрацоўніцтва розныя арганізацыі, якія працуюць з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ. Бо, на жаль, па пытаннях СНІДу і ВІЧ насельніцтва не вельмі адукаванае, ёсць людзі, якія баяцца гэтай хваробы, але пры гэтым вядуць не лепшы лад жыцця. І наша мерапрыемства — магчымасць у ненавязлівай форме пазнаёміцца з гэтай праблемай".


Фэст пройдзе ў клубе Re:Public. Кошт квіткоў ад 40 тысяч. Тыя, хто набудзе квіткі загадзя, атрымаюць у падарунак кампакт-дыск ад БМАgroup і Еўрарадыё!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі