Вы тут

Лукашэнка заявіў, што ЗША папярэдзілі афіцыйны Мінск

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо / БЕЛТА​

Улады Беларусі атрымалі папярэджанне з Дзярждэпартамента ЗША, сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў падчас зацвярджэння рашэння па ахове дзяржаўнай мяжы ў 2022 год. 

Паводле яго словаў, учора яму далажылі "пагрозлівую пазіцыю Дзярждэпа ЗША".

"Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, тое, то мы ўвядзём санкцыі. Калі вы гэтую ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэтае", цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Паводле яго словаў, яму і яго камандзе "не трэба ніякай вайны", гэта "амерыканцы рукамі палякаў, латышоў" падштурхоўваюць яго "да гэтых вось дзеянняў".

Лукашэнка таксама пракаментаваў словы Зянона Пазняка пра акупацыю Беларусі пад выглядам сумесных ваенных вучэнняў з Расіяй. Пазняк у інтэрв'ю "Радыё Рацыя", у прыватнасці, казаў пра сотні вагонаў з Расіі, якія паставяць у Беларусь тэхніку і каля 100 тысяч вайскоўцаў. 

"Я як галоўнакамандуючы неяк не заўважыў. Можа быць, вы мяне не праінфармавалі, што тут у нас адбылася "акупацыя Беларусі"?" — звярнуўся Лукашэнка да старшыні Дзяржпамежкамітэта Анатоля Лапо.

Лукашэнка згадаў Пазняка, назваў яго "антыподам сваёй палітыкі" і "недурным чалавекам", а потым сказаў: "Слухайце, 200 чыгуначных саставаў — гэта ніколі не змесціцца. Гэта ж элементарна палічыць, нават калі ты не ведаеш, што такое войска".

Сумесныя вучэнні "Саюзная рашучасць — 2022" пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 10 па 20 лютага. Мяркуецца, што ў іх будзе задзейнічаны "шэраг вайсковых частак Усходняй ваеннай акругі ВС РФ". Акрамя таго для ўдзелу ў сумесных вучэннях у Беларусь будуць перабазаваныя, сярод іншай тэхнікі, два дывізіёны ЗРК С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.