Вы тут

Беларусаў аб'яднала Украіна: як мы глядзелі футбол у фан-зоне "Дынама"

Ніводны газон не пацярпеў

У суботу ўвечары беларусы, незалежна ад палітычнай пазіцыі, сабраліся на "Дынама" пад адным сцягам. Пад украінскім.

— А давайце мы сёння не будзем даваць каментары, а проста паглядзім футбол, — папрасілі Еўрарадыё некалькі суразмоўцаў на фан-зоне стадыёна.

Але нам нашмат больш, чым "проста паглядзець футбол", хацелася "проста пагаварыць". Таму ў гэтым рэпартажы мы паабяцалі змяніць імёны ўсім суразмоўцам. Яны сталі гаваркімі, і мы абмеркавалі і футбол, і каляфутбольныя жарсці.
 

"Хочацца нечым аддзячыць"

Вынік матчу Украіна — Англія дакладна прадказваў нават кабан Элвіс з Брыстальскага заапарка. Гульня скончылася з лікам 0:4, і не на карысць Украіны. Але заўзець за ўкраінскіх футбалістаў гэта нікому не перашкаджала. На ўваходзе на стадыён выстраілася такая чарга, што ўжо праз пяць хвілінаў хацелася папрасіць людзей сертыфікаты пра вакцынацыю.

Першае ж расчараванне: гледачоў больш не пускаюць на газон стадыёна "Дынама". Цяпер ён з усіх бакоў абцягнуты чырвонымі стужкамі. Сядзець на бегавой дарожцы не так прыемна і зручна, як на зялёнай траўцы.

І гэта толькі невялікая частка тых, хто прыйшоў на стадыён / Еўрарадыё

Знайсці тых, хто заўзеў у той вечар за Украіну, было не цяжка: яны скакалі са сцягамі, яны крычалі "Украіна!", Яны намалявалі "жовта-блакітныя" палоскі на шчоках.

— Гэта якасны футбол, добрая праца трэнера і згуртаванасць фанатаў, — распавядаюць Еўрарадыё трое заўзятараў у чарзе па шаурму. — Беларусы цяпер адчуваюць падтрымку Украіны, і гэта прыемна, бярэ за душу. Хочацца нечым аддзячыць. І хоць мы не можам зрабіць гэтага ад імя ўсёй краіны, але можам хаця б падтрымаць Украіну ў футболе.

У Андрэя акрамя ўкраінскага сцяга яшчэ і татуіроўка з трызубам на руцэ. Пытацца, каго ён падтрымлівае, не мае сэнсу. Варта спытаць, чаму цэлы стадыён сёння заўзее за тую ж каманду, што і ён.

— Са сцягамі Украіны сёння прыйшлі вельмі розныя людзі. Ёсць маладыя хлопцы, якія апалітычныя, якія проста прыйшлі паглядзець футбол. А ёсць і тыя, хто тут не праз футбол. Для іх гэта гісторыя пра палітыку, яны зразумелі, што да чаго.
 

Братні народ

Пракрычаць "Украіна" натоўпам у некалькі сотняў чалавек у цэнтры Мінска — дзе штраф ці суткі можна атрымаць за абсалютную дробязь, накшталт чырвоных штаноў і белага паліто, — гэта своеасаблівая тэрапія крыкам. Ды і чарга на ўваходзе нагадвае пра мінулае лета. У такіх жа беларусы стаялі, каб пакінуць подпіс за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

Хто на гэтым фота заўзее за Украіну? Хутчэй за ўсё, усе / Еўрарадыё

Але можна абыйсціся і без гэтых асацыяцыя, таму што часам футбол — гэта проста футбол. Як для Аляксандра і Кацярыны. Украіна — Англія — гэта першы матч, які яны глядзяць на фан-зоне. І палітыка тут ні пры чым.

— Нам вельмі хацелася адчуць атмасферу фан-зоны. Чаму за Украіну? Гэта наш братні народ, рускамоўныя славяне. У нас шмат агульных вех у гісторыі. Іншых славян на Еўра не засталося, — кажа Аляксандр.

З імі на пледзе сядзіць маленькая Ілона. Праўда, дзяўчынка глядзіць не на вялікі экран, а на маленькі, у тэлефоне. Бацькі абяцалі Ілоне, што на стадыёне будуць забаўкі для дзяцей, але "Мортал Камбат" яе не зацікавіў.

— Наступныя матчы будзеце глядзець?

— Калі Украіна сёння выйграе. Мы вельмі эмацыйна рэагуем: учора так заўзелі за Швейцарыю, што другі матч ўжо не змаглі паглядзець, так расхваляваліся.

Украіна "не прайшла". Але, можа, мы яшчэ прыдумаем, за што пазаўзець разам?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.