Вы тут

Пратэст крыкам: як гэта працуе?

Яна Шостак — дзяўчына, якая крычыць.

На наступны дзень пасля пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце каля амбасады Беларусі ў Варшаве праходзіць акцыя пратэсту. Вылучаецца на ёй дзяўчына, якая раптам проста пачынае гучна крычаць.

Дзяўчыну завуць Яна Шостак. Мастачка і ўраджэнка Гродна, яна даўно жыве ў Польшчы. Яна ўжо некалькі месяцаў крычыць, каб звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі. У тым ліку і перад варшаўскім офісам Еўрапарламента. 

“Ідэя — паказаць, што мы 27 гадоў маўчалі. Таксама паказаць бездапаможнасць: нам застаўся толькі крык, — расказвае Еўрарадыё Яна Шостак. — Крык нагадвае пра тое, які жах адбываецца ў нас у Беларусі”.

Упершыню яна зладзіла крыклівы пратэст у жніўні 2020 года. Тады акцыю ніхто не заўважыў — акрамя, вядома, мінакоў. А праз 10 месяцаў крык у падтрымку беларускіх пратэстоўцаў прагучаў ужо не перад варшаўскім офісам Еўрапарламента, а на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу. Акцыю правёў актор з Беластока Барташ Белень — зорка фільма “Цела Хрыстова”. Ён расказаў, што ўзяў прыклад з Яны Шостак.

“Я з Польшчы. Польшча знаходзіцца на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі. За мяжой катуюць 30 500 чалавек. 476 палітычных зняволеных знаходзяцца ў турмах, 30 забітых. Усе гэтыя звесткі за 2020 год. Што я магу зрабіць сёння — гэта далучыць свой голас у салідарнасці з Янай Шостак”, — прамовіў акцёр перад крыкам.

З чаго ўсё пачалося?

У размове з Еўрарадыё Шостак кажа, што сама яна нікім “не натхнялася”. Маўляў, ідэя крыклівага пратэсту прыйшла да яе сама сабой.

У Еўрарадыё атрымалася знайсці згадкі толькі пра адну падобную акцыю, зладжаную раней. У 2017 годзе ў Нью-Ёрку праціўнікі Дональда Трампа вырашылі адзначыць год са дня абрання яго прэзідэнтам. Людзі сабраліся на плошчы, каб гучна пакрычаць. Акцыя атрымала назву “Бездапаможна крычым у неба ў гадавіну выбараў”. 

У сваіх архівах Еўрарадыё знайшло відэа са жнівеньскага “Жаночага маршу” ў Мінску. Тады яго ўдзельніцы пачалі крычаць, калі ім перагарадзілі дарогу сілавікі.  

Як гэта працуе? 

Пра феномен крыклівых пратэстаў Еўрарадыё пагутарыла з псіхолагам Анастасіяй Шапель. Па словах спецыялісткі, прыцягненне ўвагі пры дапамозе крыку закладзенае ў інстынктах чалавека:  

“Калі капаць вельмі глыбока, дык першы спосаб дзіцяці заявіць, што яно існуе і яго нешта не задавальняе, гэта крык. У немаўляці іншых спосабаў увогуле няма. Маці чуе яго — прыходзіць і спрабуе вырашыць праблему”. 

Такі пратэст добра працуе, але фідбэк ад “слухачоў” не заўсёды можа быць пазітыўным. Няшмат хто камфортна адчувае сябе побач з чалавекам, які крычыць.

“Напрыклад, у мяне ў сям’і было вельмі ціха і спакойна, таму павышэнне голасу мяне напружвае. Калі нехта побач крычыць — мне будзе некамфортна. Кагосьці гэта можа ўвогуле пужаць. Хтосці будзе спісваць на вар’яцтва — пакруціць пальцам ля скроні”, — кажа Шапель.

У інтэрнэце сапраўды шмат хэйтараў Яны Шостак. Яны злараднічаюць: “Гэтым БЧБшнікам застаецца толькі крычаць”.

Аднак саму дзяўчыну такія каментатары не турбуюць: “Я атрымліваю толькі падтрымку і бачу толькі пазітыў. Вядома, у інтэрнэце лёгка нацкаваць ботаў і троляў. Але зрабіць гэта ў афлайне не атрымалася”.

Яна Шостак, t.me/BelarusPoland

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.