Беларусам усё ж давядзецца плаціць за шэнгенскую візу па 80 еўра

Беларусам усё ж давядзецца плаціць за шэнгенскую візу па 80 еўра

Еўрасаюз прапанаваў афіцыйнаму Мінску падпісаць пагадненні па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ў студзені 2020 года ў Бруселі. Пра гэта паведамляцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным пасля сустрэчы беларуска-еўрапейскай каардынацыйнай групы.

Нагадаем, што ўсе падрыхтоўчыя крокі па гэтых пагадненнях ужо завершаныя. На сустрэчы бакі абмеркавалі дэталі заключных працэдураў па падпісанні дакументаў. Пасля падпісання пагадненняў іх павінны зацвердзіць Еўрапарламент і Нацыянальны сход Беларусі.

Паводле інфармацыі партала TUT.by з дыпламатычных колаў, 19 снежня Савет ЕС зацвердзіў рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб рэадмісіі. Каб набыць моц, яно павінна быць апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Дарэчы, новы Візавы кодэкс ЕС набудзе моц 2 лютага 2020 года. Згодна з ім, збор пры атрыманні шэнгенскай візы павялічыцца да 80 еўра (цяпер 60). Гэта значыць, што беларусам давядзецца пэўны час плаціць па 80 еўра за шэнгенскую візу — пакуль не набудзе моц пагадненне з ЕС. 

У еўраструктурах адзначаюць, што такое павелічэнне будзе часовым. Калі пагаденне аб спрашчэнні візавага рэжыму набудзе моц, візавы збор аўтаматычна знізіцца да 35 еўра.

Па словах палітолага Арцёма Шрайбмана, калі падпісанне візавых пагадненняў ўсё ж адбудзецца ў студзені, то можна паспець запусціць самі візы па 35 еўра з 1 сакавіка: "Гэта значыць з 1 лютага па 1 сакавіка візы будуць 80, а потым — 35 еўра. Для гэтага трэба будзе за студзень правесці пагаднення праз беларускі і еўрапейскі парламенты. У беларускім я не сумняваюся, а вось еўрапейскі можа і патупіць. Калі за студзень не паспяваюць ратыфікаваць і паведаміць аб гэтым адзін аднаго, то візы па 35 еўра у такім выпадку — з 1 красавіка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі