Вы тут

Беларусам павялічылі месячны ліміт на бязмытныя пасылкі з інтэрнэт-крамаў

Ліміт бязмытнага ўвозу для адной пасылкі складае 22 еўра / brestcity.com

Грамадзяне краін ЕАЭС з гэтага часу штомесяц могуць атрымліваць пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў на суму ў тысячу еўра і не плаціць за гэтыя тавары мытную пошліну. Раней у ЕАЭС дзейнічаў ліміт на 200 еўра ў месяц.

Ліміт бязмытнага ўвозу пакуль павялічылі толькі на паўгода — да 1 кастрычніка 2022 года.

Чыноўнікі лічаць, што "гэтая мера дазволіць падтрымаць грамадзян, якія замаўляюць тавары для асабістага карыстання ў замежных інтэрнэт-крамах, і пазбегнуць дэфіцыту тавараў". Так, у прыватнасці, заявіла на брыфінгу пасля пасяджэння Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна.

Варта адзначыць, што моцна жыццё беларусаў гэтае рашэнне не спросціць. Таму што ў краіне, мяркуючы па ўсім, захоўваецца яшчэ адна норма, якая тычыцца бязмытнага ліміту кошту адной пасылкі. Калі грамадзянін не хоча плаціць пошліну, кошт змесціва пасылкі не павінен перавышаць 22 еўра.  

У красавіку 2020 года Аляксандр Лукашэнка ўжо пераглядаў месячныя нормы бязмытных пасылак з-за мяжы. Тады месячны ліміт у 200 еўра ўжо адмянялі. Але пры гэтым нагадвалі пра захаванне разавага ліміту ў 22 еўра.

"Па-ранейшаму будуць дзейнічаць разавыя нормы: кошт пасылкі не павінен перавышаць 22 еўра, а яе вага — 10 кг", — гаварылася на афіцыйным сайце адміністрацыі Лукашэнкі.  

То бок калі раней, каб не плаціць пошліны, можна было замаўляць 9 пасылак у месяц, то цяпер дазволілі 45.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.