Вы тут

Беларус, якога судзяць за шпіянаж ва Украіне, запатрабаваў перакладчыка

Юрый Палітыка на судзе. Фота: svaboda.org

Раённы суд Чарнігаўскай вобласці Украіны пачаў разглядаць справу беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Яго вінавацяць у шпіянажы. За гэта беларусу пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 года. Праз некалькі месяцаў ён перадаў ліст на адрас беларускац амбасады, дзе паведаміў, што яго катавалі, каб выбіць патрэбныя паказанні. 

Пра катаванні Палітыка паведаміў журналістам і перад пачаткам судовага пасяджэння 12 лютага, перадае Радыё "Свабода". Пры гэтым ён дадаў, што псіхатропных прэпаратаў супраць яго не ўжывалі.

"Усё абвінавачанне грунтуецца на тым, што я працаваў у расійскім ВТБ-Банку. Таму спачатку абвінавацілі ў працы на Расію, а потым і Беларусь. Яны самі не ведаюць", — заявіў падсудны. 

На судзе Палітыка запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову. На ўсе пытанні ён адказваў па-беларуску.

Суд адклаў пасяджэнне да 15.00 13 лютага. За гэты час павінны знайсці перакладчыка.