Вы тут

Беларусь просіць акрэдытаваць на Алімпіяду ў Токіа сайт прэс-службы Лукашэнкі

tass.ru

НАК Беларусі зацвердзіў спіс СМІ для акрэдытацыі на Алімпіяду-2020 у Токіа. З 10 акрэдытацый, якія вылучыў нашай краіне Міжнародны алімпійскі камітэт, па дзве (пішучаму журналісту і фатографу) дастануцца супрацоўнікам сайта НАК (noc.by) і сайта прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі (president.gov.by). Яшчэ па дзве акрэдытацыі атрымаюць газета "Спартыўная панарама" і інфармагенцтва "БелТА", а яшчэ па адной — толькі для пішучых журналістаў — газеты "СБ. Беларусь сегодня" і "Прессбол".

Гэты спіс будзе рэкамендаваны Міжнароднаму алімпійскаму камітэту для вылучэння акрэдытацый. Канчатковае рашэнне — за МАК. 21 кастрычніка 2019 года стартуе асабістая акрэдытацыя журналістаў.

З пункту гледжання беларускага закона "Аб СМІ", не кожны сайт з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Для таго, каб называцца СМІ і карыстацца іх правамі (у тым ліку і правамі на акрэдытацыю), інтэрнэт-рэсурс павінен прайсці добраахвотную рэгістрацыю. Для такіх сайтаў увялі спецыяльны тэрмін — "сеткавыя выданні". Супрацоўнікі незарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў журналістамі не лічацца, дзяржорганы маюць права адмаўляць ім у акрэдытацыі.

Раней у якасці сеткавых выданняў былі зарэгістраваныя sb.by (сайт газеты "Беларусь сегодня"), zviazda.by (сайт газеты "Звязда") і недзяржаўны навінавы агрэгатар belnovosti.by, а 22 студзеня да іх дадаўся партал TUT.by. Аб рэгістрацыі ў якасці СМІ інтэрнэт-рэсурсаў noc.by і president.gov.by Міністэрства інфармацыі не паведамляла.