Беларусь і Расія наклалі вета на абранне Эстоніі старшынёй АБСЕ

У Вене не змаглі выбраць новага старшыню АБСЕ

У Вене не змаглі выбраць новага старшыню АБСЕ / ria.ru

Беларусь і Расія наклалі вета на абранне Эстоніі старшынёй Пастаяннай рады арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Адбылося гэта 21 лістапада на пасяджэнні пастаяннага савета арганізацыі, якое прайшло ў Вене, паведамляе err.ee.

Паколькі рашэнні ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, абраць Эстонію старшынёй арганізацыі не ўдалося. Цяпер эстонскія ўлады збіраюцца абмеркаваць сітуацыю з іншымі краінамі ЕС. На наступным тыдні ў Скоп'е (сталіцы цяперашняга старшыні АБСЕ Паўночнай Македоніі), адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЕ. Чакаецца, што пытанне абрання старшыні арганізацыі зноў будзе ўключана ў парадак дня.

"Расія сваімі дзеяннямі блакуе працу ўсёй арганізацыі, паколькі ўжо некалькі гадоў Масква не дазваляе зацвердзіць бюджэт арганізацыі, арганізоўваць афіцыйныя мерапрыемствы АБСЕ, падаўжаць палявыя місіі, а таксама паклала канец усім місіям АБСЕ ва Украіне, якая стала ахвярай расійскай агрэсіі, — каментуе сітуацыю міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна. — ...Цяпер праз Расію і Беларусь мы знаходзімся ў сітуацыі, калі за паўтара месяца да Новага года АБСЕ не мае пацверджанага старшыні, хоць з 2020 года Эстонія была адзіным кандыдатам Еўрасаюза на гэтую пасаду... Цяпер мы павінны ўсяляк ізаляваць Расію на міжнароднай арэне, а не шукаць пастаноў, якія задавальняюць Маскву".

Тэхнічна магчыма, што Паўночная Македонія працягне выконваць абавязкі старшыні ў наступным годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі