Вы тут

Беларусь і Нарвегія дамовіліся спрасціць выдачу віз, як з Еўрасаюзам

Перамовы беларускай і нарвежскай дэлегацый / mfa.gov.by

Беларусь і Нарвегія дамовіліся спрасціць выдачу віз для сваіх грамадзян. Гэта пытанне абмеркавалі намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка і дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Аўдун Халварсэн 28 студзеня ў Осла.

“З улікам нядаўняга падпісання пагадненняў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы ў максімальна сціслыя тэрміны аналагічных дакументаў паміж Беларуссю і Нарвегіяй”, — паведамляе беларускае МЗС.

Навошта спатрэбілася падпісваць з Нарвегіяй нейкае дадатковае пагадненне? Яна хаця і не з’яўляецца сябрам Еўрасаюза, але ўваходзіць у Шэнгенскую зону. Візу для паездкі ў Нарвегію грамадзяне Беларусі могуць атрымаць у амбасадзе Францыі ў Мінску. 

“У Нарвегіі ёсць асаблівыя дамоўленасці з Еўрасаюзам аб ужыванні шэнгенскага заканадаўства, гэта значыць яна [Нарвегія. — Еўрарадыё] прымяняе шэнгенскае заканадаўства крыху не так, як іншыя краіны, — тлумачыць Еўрарадыё начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

8 студзеня Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэтаму папярэднічалі шматгадовыя перамовы.

На жаль, дамоўленасці не паспеюць набыць моц да 2 лютага, калі шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі падаражэюць да 80 еўра. Прагназуецца, што іх кошт будзе зніжаны да 35 еўра з 1 чэрвеня 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.