Банкір: Надзвычайнага попыту на долары апошнім часам няма

Пра ажыўленне попыту на замежную валюту заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас фэсту “Дажынкі” ў Жлобіне, адказваючы на пытанні журналістаў.



“Апошнія месяцы, я гляджу, наш народзец пабег у абменныя пункты. Ну, бяжыце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ўжо навучаныя горкім досведам. Яшчэ раз падкрэсліваю: ваш лёс у гэтым плане ў вашых руках”.



На думку Аляксандра Лукашэнкі, “народзец”, скупляючы долары ў абменніках, аслабляе беларускі рубель і тым самым набліжае дэвальвацыю, якой так баіцца.



Еўрарадыё вырашае пацікавіцца, ці сапраўды апошнім часам побач з пунктамі абмену валюты назіраецца нейкі ажыятаж. Крыніца ў адным з камерцыйных банкаў адказвае нам, што надзвычайнага попыту на валюту банкіры не назіраюць.



Банкір: “Попыт мы назіраем заўсёды. Магчыма, у нас курс крыху лепшы, чым у іншых. То бок, калі б мы, як некаторыя банкі, ставілі курс на продаж 9200 ці нават вышэй, мы б такога попыту не адчувалі. Але ў нас кошты канкурэнтныя, і мы ўвесь час адчуваем попыт: і два тыдні таму, і тры, і месяц, і два месяцы, і паўгода”.



У іншым банку Еўрарадыё кажуць, што попыт на замежную валюту вагаецца, але ніякага ажыятажу апошнім часам не было:



Банкір: “На выходных, напрыклад, людзі больш прадавалі, чым набывалі. А ў пятніцу — наадварот”.

Мінчане: Хто ж нас выратуе ў бядзе, калі не долар - відэаапытанне



Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі