Гайдукевіч: Стаўленне да Пагоні і Б-Ч-Б сцяга змянілася і ў людзей, і ва ўлады

Гайдукевіч: Стаўленне да Пагоні і Б-Ч-Б сцяга змянілася і ў людзей, і ва ўлады

Вышэйшы савет і Цэнтральны камітэт Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі выступілі з нечаканай ініцыятывай ― правесці кампанію “па легалізацыі бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”, наданні ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці”. Чаму ЛДП вырашыла змагацца за нацыянальную сімволіку, што на самой справе стаіць за гэтым рашэннем і якімі сродкамі яны збіраюцца дамагацца ад уладаў станоўчага рашэння? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказвае першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч.

 

Пра тое, калі бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” сталі для яго каштоўнасцю

 

Я прайшоў эвалюцыю разам з нашым грамадствам, пачынаючы з 1991 года, з моманту набыцця незалежнасці нашай краінай. На фоне супрацьстаяння ў пачатку 90-х гадоў паміж рознымі палітычнымі сіламі ўзнікла і супрацьстаянне паміж сімваламі савецкай эпохі і новымі сімваламі незалежнай Беларусі. Ішлі гады, Беларусь развівалася, і вырасла новае пакаленне людзей, якія выраслі менавіта ў незалежнай Беларусі. Якія нічога не ведаюць пра тое супрацьстаянне 90-х гадоў. І яны ставяцца да сімвалаў інакш ― так, як сучасныя людзі ставяцца. Для іх бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня ― гэта гісторыя нашай краіны, і яны з павагай да іх ставяцца. Прайшлі часы, калі з Пагоняй хадзілі толькі апазіцыянеры ці прыхільнікі БНФ. Я ведаю людзей, якія носяць Пагоню на майцы, з павагай ставяцца да бел-чырвона-белага сцяга, але яны – за саюз з Расіяй, за нашага прэзідэнта і гэтак далей. Змяніўся менталітэт людзей. Таму і заява саспела, мы ж нічога новага не сказалі. Мы як партыя заўжды стараемся адчуваць, што адбываецца ў грамадстве. Настроі людзей, настроі эліты ― і мы проста гэта агучылі.

 

Пра тое, колькі людзей за нацыянальную сімволіку патрапіла ў Фрунзенскі РУУС, калі ён там быў начальнікам

 

Ніколькі. Бо калі прыцягваюць за парушэнне масавых мерапрыемстваў, то не за сцяг прыцягваюць, а за правядзенне незаконных масавых мерапрыемстваў. Другое, ёсць заканадаўства наконт масавых мерапрыемстваў, а сёння самае галоўнае, каб заканадаўства адпавядала сённяшнім рэаліям. А тое што было ў 90-я гады не трэба ўзгадваць. Давайце не будзем вяртацца ў тое супрацьстаянне. Я лічу, што мы павінны вучыцца слухаць адзін другога. Прыйшоў час жыць так, як мы жывём. Шмат што змянілася, і ўжо няма такога негатыўнага стаўлення да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні ў тым ліку і сярод уладаў.

 

Пра тое, што ідэя пра нацыянальныя сімвалы падкінутая ЛДП “зверху”

 

Гэтыя казкі, што нам нехта нешта зверху гаворыць, мы чуем шмат гадоў. Як і тое, што мы нейкая там несапраўдная апазіцыя. Гэта ўсё ўжо павінна было сысці ў мінулае. Гадамі сваёй дзейнасці мы даказалі, што мы самастойная палітычная сіла, якая мае сваё меркаванне. А калі гэта не так, то назавіце: што ж мы такога атрымалі ад улады. Мы ўсё, што маем, усяго дамагліся самі. Мы самі змагаліся і самі атрымалі дэпутата, атрымалі сенатара ― нам нічога лёгка не далося.

 

Пра тое, як ЛДП будзе дамагацца “легалізацыі” нацыянальных сімвалаў

 

Калі парламенцкая партыя робіць такую заяву, то гэта выклікае рэзананс. І пачынаецца абмеркаванне ў дзяржаўных органах, сярод дэпутатаў. Задача палітыкаў у тым, каб агучыць тое, чаго хочуць людзі. А дзяржаўныя органы і ўлада павінны на гэта рэагаваць і прымаць нейкія рашэнні.

 

Цалкам размову з Алегам Гайдукевічам можна паглядзець тут

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі