Асабістая лекарка Лукашэнкі ездзіць на аўто за 60 тысяч долараў

Алена Казак (злева)

Алена Казак (злева) / фота з яе старонкі ў Інстаграме

Асабістая доктарка Лукашэнкі Алена Казак шмат гадоў уваходзіць у найбліжэйшае атачэнне кіраўніка Беларусі.

Паводле звестак незалежных СМІ, у 2020 годзе яна ў кампаніі Дзмітрыя Баскава і Наталлі Эйсмант ездзіла па мінскіх дварах і зразала белыя і чырвоныя стужкі. Тэлефонны нумар Казак быў адзначаны і на "Плошчы Перамен" у дзень, калі быў забіты Раман Бандарэнка.

У сваіх сацсетках яна абураецца "гнілымі заходнімі каштоўнасцямі": "Я не хачу, каб навязаныя з Захаду думкі туманілі галаву майму народу. Я хачу, каб людзі нарэшце ўключылі мазгі і сталі цаніць тое, што яны маюць!" Але ў рэальным жыцці Казак вядзе неверагодна раскошнае жыццё, у тым ліку і ў краінах Еўрасаюза, заўважылі журналісты-расследвальнікі "Бюро".

У Беларусі яна ездзіць на прэміяльным BMW X5 у кузаве G05. Прыблізная цана гэтага аўто — каля 60 тысяч долараў. У рэстаране Bergamo яе заўважылі ў сукенцы ад аўстралійскага люксавага брэнда Zimmermann, якая без зніжкі каштуе каля тысячы еўра. Дапаўняў вобраз залаты бранзалет Van Cleef & Arpels з перламутрам коштам 5,3 тысячы еўра.

Падчас гульні ў гольф доктарка Лукашэнкі сфатаграфавалася ў някідкім касцюме. Але дапаўняе яго дуэт з кальца і завушніц ад Cartier – разам амаль на 8 тысяч еўра. Акрамя таго яе левае запясце ўпрыгожвае гадзіннік, вельмі падобны на мадэль Panthère de Cartier — амаль на 33 тысячы еўра.

На іншай фотасесіі Казак журналісты разгледзелі гадзіннік, які нагадвае мадэль Royal Oak ад прэміяльнага швейцарскага гадзіннікавага брэнда Audemars Piguet — за 27,5 тысячы еўра.

Дарагія аксесуары за тысячы еўра ўпрыгожваюць лекарку Лукашэнкі і ў замежных ваяжах — напрыклад, у жніўні 2026-га ў Канах на Блакітным Беразе. Там журналісты заўважылі торбачку Hermès Constance (прыкладна 8,5 тысячы еўра), акуляры Cartier (1200 еўра), шлёпанцы (635 еўра), шаўковую хустку ад французскага моднага дома Celine (490 еўра), бранзалет Van Cleef & Arpels (7,1 тысячы еўра) і Cartier (8,1 тысячы еўра).

У траўні 2026-га яна адпачывала ў Парыжы, у чэрвені — на Мальдывах.

Як паведамлялася раней, Алена Казак з'яўляецца новай уладальніцай сеткі аптэк "Лігматон". Раней гэтая кампанія належала набліжаным да Лукашэнкі бізнэсоўцам — Паўлу Тапузідзісу і Віктару Пятровічу.

Таксама яна валодае фірмай "Мантпарт" (клініка эстэтычнай медыцыны Antiage Сlinic). Гэтую кампанію Казак атрымала ад хакеіста Паўла Белага і іншай лекаркі Лукашэнкі – Святланы Канашэнка.

Належыць ёй і фірма "Амалем", якая займаецца продажам касметалагічнага абсталявання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.