Асабістая лекарка Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк
Алена Казак (крайняя злева) на вечарынцы Antiage Clinic / фота са старонкі ў Інстаграме
Алена Казак, асабістая лекарка Аляксандра Лукашэнкі, стала ўладальніцай сеткі аптэк у Беларусі.
Як паведамляе выданне "Бюро", на яе імя ў жніўні 2024 года была перааформленая кампанія "Лігматон", якой раней валодалі Георгій Тапузідзіс і ягоная маці Галіна Пятровіч. Сама Алена Казак была працаўладкаваная ў кампаніі з ліпеня 2024 года. Дырэктаркай фірмы, як і раней, засталася Галіна Пятровіч.
Георгій Тапузідзіс — сын буйнога беларускага бізнесоўца і "гаманца" Лукашэнкі Паўла Тапузідзіса. Павел Тапузідзіс разам з бізнес-партнёрам Віктарам Пятровічам кантралюе кампанію "Тытунь-Інвест", развівае сетку гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў "Карона" ды мае іншыя бізнэес-актывы ў Беларусі.
Кампанія "Лігматон" мае сетку аптэк ва ўсёй Беларусі, а таксама ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндарах на пастаўку разнастайных медыкаментаў. У 2025 годзе выручка кампаніі склала 83,6 мільёна рублёў, а чысты прыбытак — 2,79 мільёна.
З кампаніяй "Лігматон" звязаная і яшчэ адна фаварытка Лукашэнкі. Ад ліпеня 2024 года вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці там лічыцца Марыя Васілевіч, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.