Андрэй Гнёт абскардзіў рашэнне сербскага суда па экстрадыцыі ў Беларусь

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / старонка ў Інстаграме

Беларускі палітуцякач, рэжысёр Андрэй Гнёт абскардзіў рашэнне сеобскага суда па яго экстрадыцыі ў Беларусь. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Інстаграме.

"Толькі што была пададзеная вялікая апэляцыя, якая аспрэчвае рашэнне Вышэйшага суда Бялграда аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь", — паведаміў ён.

Гнёт апублікаваў фатаздымак з вялікім стосам дакументаў і патлумачыў: "Тое, што вы бачыце — гэта доказы майго палітычнага пераследу, катаванняў і бесчалавечнага абыходжання".

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік  Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем". Ён пакінуў Беларусь па палітычных матывах. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі паводле ордара Інтэрпала: афіцыйны Мінск абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.

Сем месяцаў палітуцякач правёў у сербскай турме, пасля чаго быў пераведзены пад хатні арышт. 31 траўня Вышэйшы суд Бялграда вырашыў экстрадыраваць яго ў Беларусь: суд заявіў, што палітычны пераслед Гнёту не пагражае.

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) ды іншыя праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады Сербіі спыніць экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі