Вы тут

Амаль 4000 мінчукоў афіцыйна выехалі на працу за мяжу ў 2018 годзе

pixabay.com

За 2018 год афіцыйна на працу за мяжу выехалі 3762 жыхары Мінска. Такую лічбу назваў агенцтву "Мінск-Навіны" начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Баранаў на падставе падпісаных і зарэгістраваных ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама працоўных дамоваў і кантрактаў.

Гэта 3717 грамадзян Беларусі і 45 іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне.

Больш за ўсё мінчукоў выехала на працу ў Расію — 1049 чалавек. Другое месца заняла Польшча — 753, на трэцім апынулася Літва — 670. Далей ідуць ЗША (358), Германія (340), Чэхія (214), Фінляндыя (112), Кітай (82). Астатнія адправіліся ў Катар, Карэю, Італію, Арабскія Эміраты, Вялікабрытанію, Японію ды іншыя дзяржавы. 

Большая частка такіх мігрантаў (2539 чалавек) уладкаваліся на працоўныя спецыяльнасці, 701 — у сферы абслугоўвання і гандлю, 398 выбралі сельскую гаспадарку, а больш за 120 атрымалі пасады кваліфікаваных работнікаў і спецыялістаў.

Па словах Баранава, у параўнанні з 2017 годам удвая вырас адплыў працоўных мігрантаў з Беларусі ў Літву, Польшчу і Германію. А вось колькасць ахвочых працаваць у Расіі змяншаецца.