Аляксандр Лукашэнка выдаў указ па гучных адстаўках

Нагадаем, што 8 лістапада Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства "Барысаўдрэў". Ён правяраў, як ідзе мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны. Вынікі не задаволілі кіраўніка Беларусі, і ён заявіў пра шэраг гучных адставак.





9 лістапада кіраўнік дзяржавы падпісаў указ №502 "Пра адказнасць за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны", інфармуе БЕЛТА.





Некаторыя палажэнні гэтага ўказу адрозніваецца ад пятнічных заяваў Лукашэнкі. Барыс Батура вызвалены ад пасады старшыні Мінскага аблвыканкама, а Аляксандр Пераслаўцаў — ад пасады старшыні канцэрна "Беллеспаперпрам". Строгая вымова абвешчаная старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміру Мірановічу.





Насуперак ранейшым заявам Пераслаўцава прызначылі кіраўніком будтрэста №21, які займаецца мадэрнізацыяй "Барысаўдрэва". Ні слова не сказана пра новае прызначэнне Батуры. У пятніцу Лукашэнка заявіў, што Батура прызначаецца дырэктарам "Барысаўдрэва", а Пераслаўцаў — яго памочнікам. У панядзелак Батура павінен быў бы выйсці на новае месца працы, іначай Лукашэнка прыгразіў яму турмой.





За адсутнасць належнага кантролю за ходам мадэрнізацыі "Барысаўдрэва" сваім указам кіраўнік Беларусі звольніў Андрэя Тура з пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Строгая вымова абвешчаная кіраўніку Адміністрацыі Андрэю Кабякову і старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандру Якабсону.



Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, Мінаблвыканкаму даручана вызваліць ад займаных пасад кіраўнікоў арганізацый, якія ўдзельнічалі ў праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў "Барысаўдрэва": гендырэктара будаўнічага трэста №21 Мікалая Бусалава і дырэктара інстытута "Барысаўпраект" Аляксандра Місіюка.





Генпракуратуры, Камітэту дзяржкантролю і МУС даручана пачаць крымінальныя справы па фактах парушэнняў, дапушчаных пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў "Барысаўдрэва".





Да 10 снежня прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч павінен падрыхтаваць даклад па мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці. А Адміністрацыі прэзідэнта па выніках гэтага дакладу даручана ўнесці прапановы, ці адпавядае віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка займанай пасадзе.





Справаздачу Камітэту дзяржкантролю па праверцы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны кіраўнік Беларусі чакае да 1 снежня.





Фота — БЕЛТА