Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: у Мінску за год справіліся з 32 бандамі

Аляксандр Лукашэнка / СТВ

"Скрываўленым абрубкам СССР" назваў Аляксандр Лукашэнка Беларусь пачатку 1990-х. Заява прагучала падчас яго выступу перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 6-га і 7-га скліканняў. 

"Мы тады засталіся з паперкамі, савецкімі рублямі. Расія нам клялася, што з рублёвай зоны яна не выйдзе, што савецкі рубель застанецца ў нас валютай. Але потым проста нас кінулі з гэтымі паперкамі", — згадаў ён фінансавыя цяжкасці. 

"Пустыя паліцы, людзям няма чаго было есці, няма чаго надзець. Пастаўленая за межы краіны прадукцыя і атрыманыя адтуль паперкі, якія ў суткі ператварыліся ў пыл", — цытуе яго словы тэлеканал СТВ.

Па словах кіраўніка Беларусі, у краіне ў той час была вялізная колькасць забойстваў — 4-5 штодня ў кожным раёне. 

"Па славутай дарозе Масква-Брэст да Берліна нельга было праехаць. Бандыты, перш за ўсё з Усходу, спынялі аўтамабілі ад Смаленска да Брэста, расстрэльвалі людзей, адбіралі ўсе, што везлі. І ў гэтых умовах трэба было будаваць гэтую краіну", — падзяліўся ўспамінамі Лукашэнка.

Ён намякнуў, што са злачыннасцю змагаліся жорсткімі і, магчыма, не заўжды законнымі метадамі: "Не стану вам расказваць, праз якія прыйшлося прайсці перашкоды і як мы змагаліся з гэтымі бандытамі. Калі б я вам сказаў, вы б мяне дакладна яшчэ раз назвалі дыктатарам. Але тады нельга было інакш. Трэба было выратаваць народ, трэба было выратаваць краіну і навесці парадак імгненна. Мы яго навялі на працягу аднаго месяца, разабраўшыся з бандфармаваннямі"

Дарэчы, у недзяржаўных СМІ ў 90-я гады публікавалася афіцыйна не пацверджаная інфармацыя пра тое, што сілавікі папросту расстрэльвалі бандыцкія групоўкі. З гэтымі дзеяннямі звязвалі, напрыклад, знікненне "злодзея ў законе" Шчаўліка (сапраўднае імя Уладзімір Клешч). Сам Лукашэнка ў публічных выступах не раз прагаворваўся пра такія "разборкі" з крымінальнікамі. 

Сёння кіраўнік Беларусі назваў лічбу бандаў, знішчаных у Мінску: "Іх было 32, да гэтага памятаю. І мы з імі справіліся на працягу аднаго года".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.