Аліеў абагнаў Пуціна і Лукашэнку па адсотку галасоў выбаршчыкаў

Паводле матэрыялаў “Кавказского узла” і “Мейдан-ТВ” / Фота: JAMnews
Паводле матэрыялаў “Кавказского узла” і “Мейдан-ТВ” / Фота: JAMnews

У Азербайджане выбралі прэзідэнта: ім зноў стаў Ільхам Аліеў. Заставацца на пасадзе ён зможа даўжэй, чым звычайна: сем гадоў замест пяці. Гэта стала магчымым у выніку рэферэндуму аб папраўках у канстытуцыю, які Аліеў правёў восенню 2016 года. Зусім нічога арыгінальнага!

Паводле папярэдніх дадзеных, Ільхам Аліеў набраў 86,09% галасоў выбаршчыкаў. Такім вынікам не маглі пахваліцца калегі Аліева нават з Беларусі і Расіі — выбаршчыкі ў гэтых краінах аказаліся не такімі аднадушнымі наконт прэзідэнтаў Лукашэнкі і Пуціна.

 

Палітычныя статысты

Кандыдатаў агулам было восем, але рэальным лічыўся толькі дзейны прэзідэнт — перад выбарамі азербайджанскія палітолагі і журналісты звалі астатніх кандыдатаў палітычнымі статыстамі. Яскравым пацвярджэннем гэтага тэзіса можна лічыць заяву аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты Хафіза Гаджыева — выйшаўшы з кабінкі для галасавання, ён паведаміў журналістам, што аддаў голас свайму магутнаму канкурэнту.

"Некаторыя элементы заклікаюць байкатаваць выбары, але народ не надаў значэння. Кожны выбаршчык свабодна прагаласаваў за свайго кандыдата",сказаў Гаджыеў, дадаўшы, што сам ён прагаласаваў за Аліева.

І Гаджыеў, і амаль усе астатнія кандыдаты ўжо ўдзельнічалі ў папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, дзе займалі месцы з пятага па дзясятае. Ад партыі "Адзіны народны фронт Азербайджана" вылучаны Гудрат Гасангуліеў, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Азербайджана — Араз Алізадэ, ад партыі "Рух нацыянальнага адраджэння" — Фарадж Гуліеў, ад "Ініцыятыўнай групы франтавікоў" — Разі Нурулаеў, ад партыі "Сучасны Мусават" — Хафіз Гаджыеў, ад Дэмакратычнай партыі Азербайджана — Сардар Мамедаў (Джалалоглу). Захід Арудж зарэгістраваны як самавылучэнец.

 

Байкот апазіцыі

Апазіцыя вырашыла байкатаваць прэзідэнцкія выбары, лічачы, што ва ўмовах адсутнасці рэальнай палітычнай канкурэнцыі ў Азербайджане вынікі асуджаныя на фальсіфікацыю.

Байкот ініцыяваў Нацыянальны савет дэмакратычных сіл (НСДС) Азербайджана, затым да яго далучыліся партыі "Мусават" і "Умід". Рух "Рэспубліканская альтэрнатыва" (ReAl) заявіў, што не прызнае вынік выбараў.

 

З восені на вясну

Паводле канстытуцыі, Азербайджан павінен быў выбіраць прэзідэнта ў трэцюю сераду кастрычніка гэтага года, але 5 лютага Аліеў скарыстаўся правам, якім яго надзялілі папраўкі ў канстытуцыю, прынятыя на тым жа рэферэндуме 2016 года, — гэта значыць прызначыў пазачарговыя выбары на паўгода раней. Прычыны гэтай спешкі не называліся, але апазіцыя прыняла яе на свой рахунак. Апазіцыйныя лідары заявілі, што ўлады хочуць перашкодзіць апазыцыі рыхтавацца да выбарчай кампаніі, а правядзенне выбараў у аўральным рэжыме спросціць магчымасці для іх фальсіфікацыі.

 

Паралелі з Расіяй і Арменіяй

У выніку пераносу даты галасавання выбары прэзідэнта ў Азербайджане амаль супалі з выбарамі ў Расіі і Арменіі. Прэзідэнт Арменіі быў абраны па выніках галасавання 2 сакавіка 2018 года, прэзідэнт Расіі — 18 сакавіка 2018 года.

Пры гэтым у Расіі ва Уладзіміра Пуціна, як і ў Ільхама Аліева, было сем супернікаў. У Арменіі адзіным кандыдатам быў Армен Саргсян, прэзідэнтам яго выбраў парламент.

Аднак 9 красавіка стала вядома, што былы прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян будзе вылучаны ў прэм'еры і ў адпаведнасці з канстытуцыйнай рэформай стане першай асобай дзяржавы.

 

Ад мужа да жонкі

Яшчэ адна папраўка, прынятая на рэферэндуме 2016 года, увяла ў Азербайджане пасаду віцэ-прэзідэнта. У лютым 2017 года гэты пост заняла жонка Аліева Мехрыбан, і Азербайджан стаў адзінай дзяржавай на постсавецкай прасторы, дзе "другая палова" кіраўніка дзяржавы выступае ў ролі яго намесніка.

У выпадку недзеяздольнасці Ільхама Аліева яго жонка аўтаматычна па Канстытуцыі стане прэзідэнтам краіны. Чакалася, што Мехрыбан Аліева вылучыць сваю кандыдатуру, але гэтага не адбылося, і Ільхам Аліеў сам узяў удзел у выбарах.

 

Салідны стаж

Нягледзячы на ​​тое, што Ільхам Аліеў кіруе Азербайджанам ужо 15 гадоў, ён — адзін з маладых палітыкаў у сваім найбліжэйшым палітычным асяроддзі. Многія з яго паплечнікаў застаюцца ва ўладзе з часоў экс-прэзідэнта Гейдара Аліева (бацькі Ільхама), некаторыя чыноўнікі захоўваюць свае пасады ўжо чвэрць стагоддзя і не спяшаюцца сыходзіць, нягледзячы на ​​сталы ўзрост.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі