Алесь Навіцкі: Мы жывем у сталай шызафрэнічнай падвоенасці

Алесь Навіцкі, беларускі мовазнаўца, стваральнік інтэрнэт рэсурсу www.lacinka.org, журналіст і, як ён сам кажа, “бясконца працуючы на беларускай ніве”. Лёс Алеся склаўся так, што выпадкова ён трапіў у Польшчу і ўжо адтуль пачаў займацца развіццём беларускай культуры, прычым, Алесь робіць гэта без ўсялякага пафасу. Зараз ён займаецца перакладамі, кіно, журналістыкай і наўпрост натхняне беларусаў на шчырую любоў да сваёй краіны. Ён і стаў чарговым госцем “Маёй тэрыторыі” Русі. ЕРБ: Распавядзі, калі ласка, дзе ты нарадзіўся і дзе навучаўся?

Алесь Навіцкі: Нарадзіўся ў Менску, ў 1968 годзе, а навучаўся таксама ў Менску. У прынцыпе, я скончыў Менскі аўтамеханічны тэхнікум па спецыяльнасці “тэхнолаг ліцейнай вытворчасці.

ЕРБ: А цяпер займаешся беларускай культурай…

А.Н.: Гэта не перашкаджае. Бачыш, у беларускую культуру людзі прыходзяць вельмі рознымі шляхамі, і добра. Гэта натуральна, што ў кожнага свая дарога і можа здарыцца па-рознаму. Таму супярэчнасцей тут я не бачу.

ЕРБ: Як ты ўпершыню сутыкнуўся з польскай культурай? Бо я ведаю, што ў цябе былі вельмі цікавыя студэнцкія прыгоды. Распавядзі пра гэта крыху, калі ласка.

А.Н.: З польскай культурай я, па сутнасці, пазнаёміўся ў часы тытунёвага крызісу канца 80-х, пачатку 90-х гадоў у Беларусі.

ЕРБ: Ці не пра гэты крызіс спяваў гурт Крама: — „пачкі камэляў, пачкі мальбораў" ?

А.Н.: Не, яны пазней. Гэта яны ўжо пазнейшыя прыгоды свае апісвалі (усміхаецца). Не-не. Яны спявалі прa нейкі там гандаль, а я маю на ўвазе трошкі іншае, хаця ж з той самай оперы. Рэч у тым, што ў Мjeнску ў часы, калі цыгарэты былі па картках, можна было купіць на вуліцы ці ў кіёсках без картак у палякаў, якія прывозілі найтаннейшыя гатункі цыгарэт і можна было іх нармальна купіць. Ва ўсякім разе гэта было прыемней за махорку, якую тады пачалі прадаваць у крамах, і яе таксама можна было купіць. На аматара, карацей кажучы (усміхаецца).

Гэта быў мой першы кантакт з полькай культурай. Ён можа не такі рамантычны. А потым, тады я вучыўся на першым курсе факультэта журналістыкі ў БДУ, да нас прыйшла неяк падчас заняткаў сакратарка з пытаннем, тыпу, вось я прынесла вам паперку, напішыце, калі ласка, прозвішчы тых, хто ведае польскую мову, нам тут трэба!

Я польскай не ведаў, але падумаў, што там… Калі хочуць атрымаць нейкі абмежаваны спіс асобаў, то відавочна будзе нейкая імпрэза з палякамі ці нешта такое. Падумаў, напішу сваё прозвішча, а калі што — апраўдаюся потым (усміхаецца).

А выйшла так, што адразу пасля першай сесіі на зімовых вакацыях да мяне звоняць з факультэту і — Навіцкі! Навіцкі! Прыязджайце хутка да дэкана! Я перапужаны першакурснік прыязджаю і баюся, што нешта не так з іспытамі. Нібыта, ўсё залічылі, але хто там ведае!

Дэкан кажа, маўляў, вось, Навіцкі, трэба ехаць у Польшчу!

ЕРБ: Падмацаваць веданне польскай мовы (смяемся).

А.Н.: Я проста і афігеў там, маўляў, а…… а чаму я?!? Ну, вось ты ж напісаў, што ты ведаеш польскую мову. Ты ж ведаеш яе, так? — пытаецца дырэктар. Я кажу, аааааа! Польскую мову! Ну, канешне ж! Адступаць не было куды (усміхаецца). Карацей, потым я купіў слоўнічак малы, кішэнны, польскай мовы, пагартаў яго і супакоіўся. Падумаў, ну, знаёмыя словы былі, і я вырашыў, што нармальна. Трэба ехаць!

Гэта былі ўжо апошні год існавання савецкага Саюзу, а паміж СССР і Польшчай была дамоўленасць па абмене студэнтаў. Так я выпадкова трапіў у Польшчу вучыцца.

ЕРБ: І што ты там вывучаў?

А.Н.: Я таксама трапіў на журналістыку, вучыўся ў варшаўскім універсітэце. Так што працягваў гэтую тэму, хаця ўжо ў мяне адбылася пэўная пераарыентацыя: у Менску я больш хіліўся да газетнай журналістыкі, лічыў яе больш вартаснай. У Варшаве напачатку я таксама думаў пра газеты, але мяне неяк нечакана панесла ў іншыя раёны, я апынуўся на польскім радыё, дзе якраз арганізоўвалі беларускую рэдакцыю. Я туды ад пачатку і трапіў. Літаральна ў самыя першыя месяцы.

ЕРБ: Што адбывалася з табой ва ўніверсітэце?

А.Н.: Я вырашыў яго скончыць, бо мне здавалася, што я ўжо такі стары, мне дваццаць гадоў і трэба давучыцца (усміхаецца).На троечку я залічыў польскую мову. Аказалася, што яна не такая ўжо і складаная. Так я пачаў вучыцца ў Варшаве. У той час не было ўжо Савецкага Саюзу. Пакуль мы сядзелі ў гэтых Кельцах, вывучалі польскую мову, Саюз загадаў доўга жыць.

ЕРБ: У цябе была магчымасць вучыцца на той момант?

А.Н.: Так, была, але ў мяне пачаліся пэўныя клопаты са стыпендыяй. Гэтая гісторыя цяпер гучыць можа забаўна, але для мяне гэта быў вельмі складаны час, калі ў мяне проста не было ніякіх сродкаў на жыццё, не было нават дзе жыць. Я хадзіў штодзённа ва ўніверсітэт, пытаўся, ці не ўладкавалі маю справу з паперамі, але справа ішла вельмі марудна. Там былі свае цяжкасці.

Мне даводзілася працаваць ў розных месцах, жыць з бамжамі, бяздомнымі людзьмі, якія ў пэўным сэнсе былі маімі першымі настаўнікамі польскай мовы. І далей, калі мае студэнцкія справы вырашыліся, і я пачаў афіцыйна вучыцца, у мяне не было стыпендыі, таму мае сябры шукалі для мяне розныя заняткі, розную працу.

ЕРБ: Былі ў цябе нейкія незвычайныя так бы мовіць „часовыя прафесіі"?

А.Н.: Шмат было цікавых заняткаў, шмат нецікавых, якія мне не ўдаліся. Аднойчы я працаваў у моргу і гэта мне не пайшло (усміхаецца). Таму што гэта ўжо надта вялікі стрэс. Рознае было. Не скажу, што за гэтыя грошы можна было б адразу добра жыць, але з голаду я не паміраў.

ЕРБ: Выкруціўся, карацей. А куды цябе закруціла жыццё пасля ўніверсітэту?

А.Н.: Універсітэт я так і не скончыў, бо я ўвесь час працаваў на радыё. Потым я вырашыў, што гэтая праца мяне трошкі стаміла і я ўжо сыты па горла гэтым. Я вырашыў зусім змяніць напрамак сваёй жыццёвай дзейнасці і паехаў ў Прагу гандляваць, ха-ха-ха, электраэнергіяй, але ў мяне таксама нічога не выйшла. Гэта было трошкі не маё. Мне ўсё ж не ставала таго, да чаго я прывык за дзесятак гадоў у Варшаве, таксама мне не ставала маёй дзейнасці на беларускай ніве, умоўна кажучы.

ЕРБ: Мог бы ты назваць тых людзей, якія працуюць на, умоўна кажучы, беларускай ніве, і чыя дзейнасць цябе натхняе, ці выклікае вялікую павагу?

А.Н.: Безумоўна! Так! Ёсць шэраг людзей, якія выклікаюць ува мне вельмі станоўчыя пачуцці. У асноўным я ведаю гэтых людзей і якіх я часткова лічу аўтарытэтамі. Пераважна, гэта людзі, якія звязаныя з мовазнаўствам, літаратурай, публіцыстыкай. Доўга б было пералічваць. Напрыклад, меркаванні выдатнага філосафа Валянціна Акудовіча мне вельмі блізкія. Гэтага чалавека я вельмі люблю і яго канцэпцыі адпавядаюць майму ўспрыманню Беларусі.

ЕРБ: А якое ў цябе ўспрыманне? Я ведаю, што ты неяк напісаў нават невялікае эсэ на тэму таго, як беларусы ўяўляюць сабе беларуса.

А.Н.: Тады я проста хацеў упэўніцца, наколькі мае меркаванні супадаюць з меркаваннямі іншых людзей. Мне было цікава ўявіць сабе вобраз беларуса, а калі не ўявіць, дык хаця б намацаць. Мне здаецца, што гэта вобраз вельмі размыты, і гэта мае свае перадумовы. Тут я абагульняю вельмі моцна, але тым не менш. Мы жывем у сталай шызафрэнічнай падвойнасці, якая мае свой уплыў і на нашае ўспрыманне свету, і на нашыя паводзіны, жыццёвыя рашэнні.

Мы, дарэчы, вельмі прывыкшыя прымаць як нешта нармальнае гэтую раздвоенасць. Гэта нашая балячка і нашая хвароба. Да гэтай размытасці дадаецца таксама і тое, што мы не з'яўляемся такой… нацыяй аб'яднанай. Нас вельмі шмат чаго падзяляе, нават, калі браць беларускамоўную грамаду, то гэты падзел вельмі выразны, і, я думаю, што гэта патрэбна, бо ў прынцыпе ў гэтых падзелах крышталізуюцца нейкія пазіцыі і, заўсёды адбываецца нейкі падзел, і толькі потым — яднанне.