Вы тут

Афіцыйнае сацдаследаванне засведчыла зніжэнне даверу беларусаў да Лукашэнкі

Якія там вынікі? / @pul_1

Афіцыйнае сацдаследаванне засведчыла зніжэнне даверу беларусаў да Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамляе БЕЛТА, яму давярае 66,5% апытаных. А як вядома, паводле афіцыйных вынікаў выбараў, ён атрымаў 80,1%. Ці больш за 13% галасавалі "без даверу"?

Тэлеграм-канал @pul_1 адрэагаваў на гэта паведамленнем, што ў анкетным апытанні былі 66,5%, а ў тэлефонным — 74,2%! Таксама адзначаецца, што "звычайна пасля вялікай палітычнай кампаніі гэтыя лічбы зніжаюцца, кажуць сацыёлагі".

Раней пра "маштабнае сацыялагічнае даследаванне", якое праводзілася на працягу месяца "ў два этапы" расказваў Лукашэнка. Паводле яго слоў, яму было б "вельмі складана" выступаць на Усебеларускім народным сходзе, "не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве". І сацыёлагі паспелі да сходу, які адкрыецца 11 лютага!

Высветлілася, што сацапытанне праводзілі з 12 студзеня да 8 лютага Аналітычны цэнтр ЕсооМ з удзелам фонда "Украінская палітыка", і "ва ўзаемадзеянні з акрэдытаванымі ў Беларусі сацыялагічнымі цэнтрамі". Было апытана 9896 чалавек у 108 населеных пунктах.

Што было заяўлена пра вынікі даследавання? Акрамя ўзроўню даверу ў Лукашэнкі, агучылі ўзровень даверу апазіцыі — 17,2%. Як вядома, афіцыйна Святлана Ціханоўская атрымала на выбарах толькі 10,1%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.