Вы тут

Лукашэнка заявіў, што сацыёлагі апытвалі і "не самых адданых уладзе" людзей

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі 8 лютага 2021 года / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўдалося апытаць каля 10 тысяч беларусаў. На працягу месяца "ў два этапы" ў краіне праводзілася "маштабнае сацыялагічнае даследаванне". Пра яго Лукашэнка ўпершыню расказаў на мінулым тыдні, калі ён заклікаў беларусаў "аб'ектыўна і сумленна адказаць на... пытанні" і гарантаваў ананімнасць. На нарадзе 8 лютага кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта было "глыбокае вывучэнне настрояў у нашым грамадстве", і яно скончанае. Засталося сабраную інфармацыю "абагульніць", паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка кажа, што на першым этапе даследавання апытвалі толькі гараджан. Цікавіліся меркаваннямі на прадпрыемствах, "не самых адданых уладзе". Другі этап праходзіў на працягу тыдня, калі апытвалі ўсіх — і вяскоўцаў, і жыхароў сталіцы.

Дзіўна, але Лукашэнка кажа, што яму было б "вельмі складана" выступаць на Усебеларускім народным сходзе, "не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве". Атрымліваецца, што вынікі сацапытання збіраюцца "апрацаваць" за лічаныя дні, што засталіся да сходу?

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў яго апытання "вельмі высокая" аб'ектыўнасць. Паводле яго слоў, "і нашы працавалі — і дзяржаўныя, і прыватныя сацыялагічныя арганізацыі". 2 лютага ён паведаміў, што галоўным даследчыкам выступае нейкая замежная кампанія. Пра ўдзел замежнікаў ён сказаў і ў панядзелак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.