Вы тут

Афіцыйна: каго Лукашэнка пакараў за сітуацыю ў гомельскай школе

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, у якім прыцягуў да адказнасці шэраг службовых асоб за сітуацыю ў гомельскай школе №15. Прычынай называецца непрыняцце мер па навядзенні парадку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і невыкананне даручэнняў прэзідэнта, перадае БЕЛТА.

Строгае папярэджанне атрымалі прэм'ер-міністр Сяргей Румас, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка (ён курыруе адукацыю).

Міністр адукацыі Ігар Карпенка атрымаў папярэджанне пра няпоўную службовую адпаведнасць.

Старшыні Гомельскага аблвыканкама даручана вынесці вымовы намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Прывалаву, кіраўніку адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Сяргею Казачку, намесніку старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталю Атаманчуку.

Акрамя таго, кіраўнік вобласці павінен звольніць з пасадаў у сувязі з пераводам на іншую працу начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргея Парошына, начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Людмілу Крылісценка, намесніцу кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Алену Копу, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Аляксандра Дземенчука, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Кацярыну Шарамаву, дырэктарку сярэдняй школы №15 Гомеля Марыну Чарненка.

Прэм'ер-міністру, кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта, міністру адукацыі і старшыні Гомельскага аблвыканкама даручана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці іншых службовых асоб, вінаватых у неналежнай рабоце школ. 

Таксама Лукашэнка загадаў аднавіць на працы настаўніцу пачатковых класаў Людмілу Чацвярткову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.