Адхілены ад працы кіраўнік школы ў Печах знаходзіцца на працоўным месцы

Прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што ў вайсковай часці, дзе загінуў салдат Аляксандр Коржыч, адхіленыя ад працы пяць службовых асобаў, яшчэ чатыры чалавекі звольненыя.

“Адхілены ў тым ліку і камандзір адпаведнай вайсковай часці, дзе праходзіў службу адпаведны вайсковец, — кажа начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Уладзімір Макараў. — Гэта апроч следчых дзеянняў. Бо канчатковая прававая ацэнка будзе дазеная па выніках следчых дзеянняў, якія цяпер праводзіць Следчы камітэт. Адпаведна, тут можа быць і крымінальны пераслед, і шмат чаго яшчэ. А пакуль ваеннае ведамства прыняло свае меры, зходзячы з таго, што кожны камандзір адказвае за выкананне статутнага парадку ў часці”.

Іншых пакараных Уладзімір Макараў назваць адмовіўся. Мяркуючы па сайце Міністэрства абароны, дзе ёсць асобная старонка 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра ў Печах, ніводзін з пяці кіраўнікоў навучальнага цэнтра не змяніўся.

Скрын з сайта Мінабароны

Там жа кіраўніком 3-й гвардзейскай школы пазначаны падпалкоўнік Аляксандр Чарноў, пра яго адхіленне ад працы на сайце таксама нічога не напісана. Еўрарадыё паспрабавала звязацца з камандзірам і… на дзіва, ён аказаўся на працоўным месцы.

“Уся інфармацыя на гэты конт знаходзіцца ў СМІ, я нічога каментаваць не буду”, — кажа падпалкоўнік Аялксандр Чарноў.

Еўрарадыё: У СМІ паведамілі, што ад працы адхілены кіраўнік школы, дзе служыў Алякасандр Коржыч. Вы ўзначальваеце 3-ю гвардзейскую школу?

Аялксандр Чарноў: Узначальваю.

Еўрарадыё: То бок паведамленне пра ваша адхіленне ад працы — лухта?

Аялксандр Чарноў: Чаму лухта? Я адхілены да канца разбіральніцтва па справе. Пасля будзе прымацца рашэнне…

Але што ён робіць на працы і чаму адказвае па працоўным нумары, часова адхілены кіраўнік 3-й гвардзейскай школы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра ў Печах паведаміць адмовіўся.

Нагадаем, Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным 3 кастрычніка ў вайсковай часці пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Паводле першапачатковай афіцыйнай версіі, ён здзейсніў суіцыд. Па факце гібелі салдата была распачатая крымінальная справа, затрыманыя прапаршчык і два сяржанты той вайсковай часткі.

Тым часам у інтэрнэце працягваецца збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Пасля блакіроўкі сайта Zvarot.by, дзе было сабрана каля 11 тысяч подпісаў, кампанія перамясцілася на сайт petitions.by.