Вы тут

Пачаўся суд па "справе медыкаў": экс-галоўны ўрач заключыў дасудовае пагадненне

Уладзімір Краўчонак у зале суда. Фота: Анастасія Бойка / Еўрарадыё​

4 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе прайшло папярэдняе судовае паседжаньне па справе намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і галоўнага ўрача 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчанка.

На судовым паседжанні прысутнічаў толькі Краўчонак, з ім было заключана дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Ён быў затрыманы ў чэрвені 2018-га ў рамках карупцыйнай "справы медыкаў". Краўчонка абвінавачваюць па ч.ч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Па словах Уладзіміра Краўчонка, ён цалкам кампенсаваў шкоду дзяржаве, аднак не называе суму, якую заплаціў.

"Я спадзяюся на сумленнае судовае разбіральніцтва. Я прызнаю сваю віну як сумленны чалавек", — кажа Краўчонак перад пачаткам судовага пасяджэння. З ліпеня Краўчонак знаходзіўся пад хатнім арыштам, у зале судовага пасяджэння ён сядзіць не ў клетцы. На судзе яго інтарэсы прадстаўляе адвакат Рыта Бомерт. Працэс вядзе Ігар Любавіцкі, пракурор — Юрый Шарснёў, які ў мінулым годзе вёў гучную "справу Коржыча".

Суддзя даў слова абвінавачанаму Краўчонку. "Дадаць няма чаго, высокі суд, усе ўмовы дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве я выканаў. Я заключыў пагадненне добраахвотна на ўмовах кампенсацыі шкоды, прызнання віны і дапамогі следству", — кажа абвінавачаны.

Падчас папярэдняга следства Краўчонак даў падрабязныя паказанні, якія раней былі невядомыя, 22 чэрвеня ён напісаў яўку з павіннай, а 26 чэрвеня заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве.

У цяперашні час Краўчонак зняты з пасады галоўнага ўрача 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Мінска, а цяпер працуе ўрачом-стаматолагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы.

11 студзеня ў 10:00 у Мінскім гарадскім судзе адбудзецца першае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да экс-намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і былога галоўнага ўрача Уладзіміра Краўчонка. Ласіцкага затрымалі ў ліпені 2018 года ў межах "справы медыкаў" і абвінавачваюць па ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).

Як распавядаў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, намесніка міністра затрымалі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія тычацца арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі вырабаў медпрызначэння, а таксама лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў медтэхнікі. "Сумы хабару вар'іраваліся ад 2,5 да 10 тысяч долараў", — казаў Вакульчык.

Пасля суда Уладзімір Краўчонак сказаў, што, заключаючы дасудовае пагадненне, ён дзейнічаў у сваіх інтарэсах. "Кожны мае права на памылку", — сказаў ён.

Больш важных і цікавых навінаў у выніковая праграме "Петарда":