"Без дазволаў, узгадненняў і іншага": хто зарабляе на пілотках да 9 траўня

Адзін з прадаўцоў у мінскім Парку Горкага / Еўрарадыё
Адзін з прадаўцоў у мінскім Парку Горкага / Еўрарадыё

Перад самым Днём Перамогі на вуліцах Мінска і Брэста з'явіліся маладыя людзі, якія прадаюць георгіеўскія стужачкі і пілоткі на ўзор чырвонаармейскіх, часоў вайны. 8 мая "Наша Ніва" напісала пра брэсцкую моладзь, якая "робіць грошы на пачуццях расійскіх турыстаў", а журналісты Еўрарадыё ў той жа дзень сфатаграфавалі хлопца (на фота вышэй) са стужачкамі, сцяжкамі і пілоткамі "па 10 рублёў" у мінскім Парку Горкага.

Як выявілася, прадаўцы звязаныя паміж сабой.

"Як зрабіць $500 за 3 дні на пілотках?"

"Толькі за 8-9 траўня можна прадаць:

— 100-150 пілотак

— 3-5 квадратных метраў налепак (прыкладна 30-50 шт)

— 30-50 сцягоў сярэдняга памеру", — вярбуе маладых людзей у сваю сетку Антон Васілюк, 21-гадовы прадпрымальнік з Брэста. Па яго словах, у "бандзе прадаўцоў" прыкладна 20 чалавек, з іх "каля 10 хлопцаў і дзяўчын, якія купляюць оптам".

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая
Антон Васілюк / vk.com/vasiliuk_anton

Мэта Антона — у 2019 годзе зарабіць $10 тысяч за 1 месяц. У сваім блогу "Даляры ў Беларусі" Васілюк вучыць, як зрабіць на пілотках $500 за тры дні. Гэтыя тры дні — 1, 8 і 9 траўня.

Як гэта працуе?

Бізнес "да 9 траўня" з'явіўся ў Антона Васілюка некалькі гадоў таму. Ідэя была падгледжаная ў Расіі. Антон пачаў прадаваць тое, чаго ў Беларусі на той момант было мала — налепкі на аўтамабілі: "Т-34", "На Берлін", "Спасибо Деду за Победу".

Па словах маладога чалавека, ёсць два віды вядзення такога бізнесу: з машынай і без машыны. Першы — прасцейшы і больш эфектыўны:

"Ставім тачку там, дзе шмат аўтамабілістаў: паркоўкі гіпермаркетаў, аўтарынкаў, гандлёвых цэнтраў. То бок усюды, дзе ёсць трафік. Задача — каб людзей было шмат і каб момант кантакту быў максімальна простым. Чалавек прыехаў купіць прадуктаў і тут па дарозе захапіў пару налепак".

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая
vk.com/dollars_inbelarus

Тут Антон заўважае, што на паркоўках побач з гандлёвымі цэнтрамі часам ёсць ахова, якая можа ганяць нелегальных прадаўцоў. Але можа і не ганяць: "На некаторых [сетках] ахоўнікі самі будуць купляць у вас тавар".

Другі метад: прадаваць сцяжкі і георгіеўскія стужачкі з рук. Для гэтага Антон раіць зрабіць кошык — як у прадаўца, якога мы бачылі ў Парку Горкага ў Мінску:

"Чувак паркуецца, зараз будзе ісці ў магаз. Падлятаем і пытаем, ці цікавяць яго налепкі, пілоткі і іншая атрыбутыка да свята. Тут бярэм колькасцю паходаў. Такі варыянт прапампоўвае твае яйкі і ўпэўненасць у сабе, калі пакуль страшна падыходзіць. Плюс — мы самі ідзём да кліента".

Акрамя "пераможнай" атрыбутыкі, Антон прадаваў кукурузу, цюльпаны да 8 сакавіка і лісты Дзеду Марозу.

А гэта ўвогуле законна?

22 красавіка на старонцы Антона Васілюка "ВКонтакте" з'явіўся пост з фотаздымкамі пілотак, сцягоў, налепак і георгіеўскіх стужак, гатовых да продажу. Менавіта гэтую прадукцыю прадаўцы ў Мінску і Брэсце прапануюць турыстам і наведвальнікам гандлёвых цэнтраў. На якіх умовах працуе гэты бізнес?

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая
"Тавар" / vk.com/vasiliuk_anton

"Без дазволаў, узгадненняў і іншага, — вучыць Антон. — Ты можаш сказаць: "Дык штраф дадуць, тавар могуць забраць". Так, могуць, але толькі калі не будзеш моцна барзець і паводзіць сябе неадэкватна. У астатніх выпадках цябе папярэдзяць і папросяць проста не гандляваць у гэтым месцы. Змяняеш месца — і пайшоў далей працаваць. Па сваім досведзе скажу, што ўсе ставяцца нармальна, і ніякіх праблем у нас не было, таму не заганяйся".

Мінгандлю? Падатковая? Міліцыя? Фонд сацабароны? Не, не чулі. Праўда, Антон прапануе прадаўцам "лайфхакі": можна "адкрыць рамесніка":

"Мы ж будзем прадаваць пілоткі, сцягі, значкі. Па сутнасці наш тавар падыходзіць пад тавары ручной вытворчасці. Рамесніка адчыняеш у гарвыканкаме за 1 базавую (каля 25 р). Аплочваеш гэтую пошліну, табе даюць чэк і ў выпадку прэтэнзій кажаш: "Я рамеснік, пошліну аплаціў, магу гандляваць. Усё сумленна. Да таго ж, частку выручаных сродкаў мы аддаем ветэранам. Робім добрую справу". Пасля гэтага ўсяго да цябе дакладна ніякіх прэтэнзій не будзе".

Антон добра ведае, чым пераканаць людзей далучыцца пад яго бізнесу. Але факт у тым, што нават калі ў прадаўца пілотак і георгіеўскіх стужачак атрымаецца зарэгістравацца рамеснікам, гандляваць у парках і на стаянках усё роўна нельга. І ніякія адлічэнні ні на чыю карысць паўплываць на гэта не могуць.

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая

А частка грошай дакладна дастанецца ветэранам?

"Людзі больш ахвотна будуць купляць прадукцыю, калі ты будзеш казаць пра гэты дабрачынны момант. Яны разумеюць, што ты не проста вырашыў хапануць грошай, а яшчэ робіш добрую справу. Таму сумленнасць на першым месцы", — кажа Антон. Але перадача часткі выручкі ветэранам ў яго бізнесе — гэта не абавязковая ўмова, а толькі рэкамендацыя:

Дзеля чаго гэта ўсё?

Пілотка ў прадаўца Антона з Парку Горкага каштуе 10 рублёў. Гэта прыблізна $5. Па словах Антона, прадаўцу з іх дастанецца $2. На адной налепцы прадавец заробіць $1,5, на сцяжку — $0,5.

Антон мяркуе, што за дні святаў адзін прадавец прадасць 100 пілотак, 30 налепак і 30 сцягоў. Разам: $260. "Гэта план мінімум. Пры шчыльнай працы прыбытак можна павялічыць у два разы і зарабіць $500", — пераконвае арганізатар бізнесу да Дня Перамогі.

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая
vk.com/dollars_inbelarus

Выручку ён называе "чыстымі". Звычайна так кажуць пра заробак або прыбытак за вылікам усіх падаткаў і збораў.

А вось дэвіз сучаснага бізнесу — без прынцыпаў і ідэалагічных умоўнасцяў. Гэта адны з першых слоў, якія мы прачыталі на старонцы Антона Васілюка:

"Каманда, маштаб, моцныя хлопцы побач.

Чорт, няма думкі пра пройгрыш, ні на хвіліну.

І ў цябе не павінна быць страху.

Калі не ведаеш, на чым зарабіць, дык 9 траўня гэта твой шанец".

“Без разрешений, согласований и прочего”: кто зарабатывает на пилотках к 9 мая
vk.com/dollars_inbelarus

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі