Вы тут

ЗША могуць размарозіць санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў 26 красавіка

У Вашынгтоне сочаць за падзеямі ў Беларусі / pixabay.com

ЗША могуць размарозіць санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў 26 красавіка. Такую рэкамендацыю Дзярждэпартамент даў Міністэрству фінансаў Злучаных Штатаў, паведаміў на брыфінгу ў Вашынгтоне прэс-сакратар Дзярждэпа Нэд Прайс. Паводле яго слоў, амерыканскія ўлады зацікаўленыя ў развіцці двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але не могуць ігнараваць рэпрэсіі і наяўнасць у нашай краіне больш за 300 палітвязняў.

Мінфін ЗША ў адказ на вызваленне палітвязняў у Беларусі прыняў рашэнне аб часовым прыпыненні санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у 2015 годзе. Гэта — канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., Беларускі нафтавы гандлёвы дом, "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан" і "Полацк-Шкловалакно". Цяпер жа яны зноў могуць трапіць пад санкцыі. У апошнія гады Мінфін ЗША рэгулярна працягваў тэрмін дзеяння прыпынення санкцый. Апошняе рашэнне заканчваецца 26 красавіка 2021-га.

Дзярждэп ЗША заклікае ўлады Беларусі, каб прадухіліць аднаўленне санкцый, вызваліць палітзняволеных, спыніць гвалт сілавікоў і "пачаць агульнанацыянальны дыялог з лідарамі палітычнай апазіцыі пад эгідай АБСЕ, які прывядзе да свабодных і сумленных выбараў пад незалежным назіраннем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.