Знайшліся абломкі зніклага самалёта AirAsia

У раёне меркаванага падзення самалёта знайшлі прадметы, падобныя да надзіманага трапа і аварыйных дзвярэй самалёта. Выратавальнікі высвятляюць, ці выжылі людзі, перадае Радыё "Свабода".

Знойдзеныя 30 снежня абломкі — хутчэй за ўсё, рэшткі самалёта авіякампаніі AirAsia, які знік на мінулым тыдні. Пра гэта піша The Straits Times са спасылкай на кіраўніка грамадзянскай авіяцыі Інданезіі Джока Мурджатмоджа.

Паводле паведамлення, у вадзе побач з абломкамі бачныя целы людзей. "Мы правяраем, жывыя яны ці мёртвыя", — заявіў прадстаўнік флоту Манахан Сімарангкір.

Да месца катастрофы накіраваныя пошукава-выратавальныя караблі і самалёты.

Airbus A320 кампаніі AirAsia знік з экранаў радараў раніцай 28 снежня. На борце пасажырскага авіялайнера былі 162 чалавекі — 155 пасажыраў, два пілоты, бортінжынер і чатыры бортправаднікі. Іх лёс цяпер невядомы. Асноўная версія катастрофы — навальніца над востравам.

Фота — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі