Вы тут

"То знайшлі барсетку, то не": следства заблытала сястру гітарыста "Ляпісаў"

Руслан Уладыка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

Следчыя паведамляюць сястры гітарыста "Ляпіса Трубяцкога" Руслана Уладыкі, які знаходзіцца ў коме, супярэчлівую інфармацыю аб яго збіцці. Па словах Святланы Уладыкі, з 6 чэрвеня, калі музыканта знайшлі без прытомнасці ў мінскім мікрараёне Дражня, яна мела зносіны з некалькімі следчымі. Спачатку ёй казалі, што ўстанавілі падазраванага і знайшлі і барсетку брата, і яго тэлефон. Затым сталі казаць, што барсетку не знаходзілі.

"У пятніцу [7 чэрвеня. — Еўрарадыё], калі я яго шукала яшчэ, прыйшлі следчыя і на фотаздымках барсетку з іншымі яго рэчамі паказалі мне. У суботу мне тэлефануе ўжо іншы следчы: "Як выглядала барсетка?" Пачаў пытацца, хто мне напярэдадні паказваў фота барсеткі. Няўжо складана даведацца, хто да мяне прыходзіў?!" — расказвае Еўрарадыё Святлана Уладыка.

Затым жанчына сама паехала ўжо да трэцяга следчага.

"Яна ў канцы гутаркі мне пад сакрэтам сказала: "Адзін затрыманы і барсетка знойдзеная". 10 чэрвеня тэлефануе ўжо іншы нейкі следчы і кажа, што пра знойдзеную барсетку нічога не ведае. Я кажу: "А тэлефон?" — "А тэлефон знойдзены", — кажа. Я нічога не разумею, адзін — адно, другі — другое", — здзіўляецца сястра збітага музыканта.

Пра тое, што Руслан Уладыка знаходзіцца ў коме пасля нападу невядомых, стала вядома ў аўторак, 11 чэрвеня. Як мяркуецца, на музыканта напаў мужчына пасля выхаду з бара на вуліцы Солтыса, куды Уладыка зайшоў, вяртаючыся дахаты ад сястры. Следчы камітэт пацвердзіў Еўрарадыё, што па факце нападу на Уладыку распачатая крымінальная справа. Аднак не ўдакладняюць, па якім артыкуле.